35 гадоў “бруіцца” ў Раванічах “крыніца”

Общество

Працяг

Прапаную вам, шаноўныя чытачы, бліжэй пазнаёміцца з некаторымі яго ўдзельнікамі, іх думкамі, поглядамі, меркаваннямі.

Уладзімір ДЗЯРУГА:

— Так атрымалася, што ў мяне ўся сям’я спявае. Вось і я прыйшоў у гэты калектыў. Тут, дарэчы, пазнаёміўся з будучай жонкай… Больш за 20 гадоў я ў «Крыніцы»…

Жанна ДЗЯРУГА:

— Калі я пераехала ў Раванічы ў 1986 годзе, мяне адразу запрасілі сюды спяваць. Калектыў тады быў вялікі. Хлопцаў, дзяўчат — ці не пароўну. Тут сустрэла свой лёс. І ўжо не ўяўляю сябе без «Крыніцы»…

Вольга ЦЕРАШЧУК:

— Мы з мужам таксама нетутэйшыя, з Брэстчыны. Акурат ужо 25 гадоў у Раванічах. І ў калектыў уліліся адразу ж. Я вельмі люблю спяваць народныя песні. Маёй унучцы Дашы, якая прыходзіць са мной на рэпетыцыі, яны таксама падабаюцца…

Валянціна РАВУЦКАЯ:

— У Раванічы я прыехала па размеркаванню. Сама родам — з суседняй Смалявіччыны. У мяне мама добра спявае. Вось і я люблю — з маленства яшчэ. У «Крыніцы», мусіць, гадоў 15 ужо. Песні падабаюцца рознажанравыя — і народныя, і эстрадныя. Спяваю не толькі на сцэне, але і ў кампаніях, і для сябе…

Надзея САСУНКЕВІЧ:

— А я як прыехала сюды ў 1964 годзе, так і засталася. Ад самага першага дня ў «Крыніцы» — спяваю і на баяне акампаную. Ведаеце, мая цёця, татава родная сястра, вельмі хораша іграла. Яна ў Вялікім Бары была першая жанчына-гарманістка! Я рана засталася без мамы. Любоў да музыкі, спеваў пераняла ад цёці. Скончыла ў свой час музычна-педагагічнае вучылішча ў Гомелі. І ўсё жыццё — з баянам…

Пра сямейнае захапленне спевамі актыўных удзельнікаў «Крыніцы» — сямейства СУДАКОЎ — «раёнка» ўзгадвала ў нумары за 5 лютага. А яшчэ ў калектыве распавялі пра Мікалая ЦЕРАШЧУКА, які, калі трэба падтанцоўка, такую прысядку можа на сцэне выдаць!

Дарэчы, аповед пра «Крыніцу» не будзе поўным, калі не згадаць пра «цвік праграмы» — байкі, якія артыстычна, па-майстэрску чытае-пераказвае Рыгор ЛАДУЦЬКА. Ніхто ніколі не застаецца абыякавым падчас яго выступлення! Але, аказваецца, гэтае адметнае ўменне ў яго — зусім не ад нараджэння…

— Ведаеце, у школе я быў настолькі сарамлівы, — прыгадвае дырэктар Раваніцкага сельскага Дома культуры. — Мне на людзі выйсці — страх! Далібог, комплекс меў. Нават ля дошкі адказваць — праблема. У войска пайшоў. Там таксама ўсяго хапала. А як вярнуўся… І што нарабілася? Як прарвала (смяёмся)… Я стаў першым сватам у Раванічах. Перажаніў усіх хлопцаў! Тамады, апаратуры тады не было… За сталом — наперад і наперад! І беларуская мова да душы прыйшлася. Памятаю, на экзамене за курс сярэдняй школы па ёй «пяцёрку» атрымаў. Вельмі даспадобы мне байкі. Вось верш не ідзе, а гэта… Пачынаў з баек Кандрата Крапівы, Ніла Гілевіча… Вучыў за вечар. І ўсё — у галаве, запісаных няма… Памятаю, выйшаў неяк на сцэну з байкамі падчас вечара сустрэчы з выпускнікамі. Мой настаўнік рускай мовы слухаў, а тады падышоў да мяне: «Грыша! Каб мне хто сказаў яшчэ гады тры таму, што ты са сцэны можаш так байкі казаць, нізавошта не паверыў бы!» (смяемся). Два гады таму выступалі мы з канцэртам перад вайскоўцамі ў Красным Дары. Яны тады лясныя завалы разбіралі. Дык вось шчыра ўразіліся тыя хлопцы байкамі. Увечары прыехалі ў клуб — і давай за мной запісваць!.. Гумар мне па жыцці вельмі дапамагае, і песня — таксама…

Паміж удзельнікамі калектыву даўно ўжо склаліся прыязныя сяброўскія стасункі. Яны ведаюць пра сямейныя справы адно аднаго. Калі трэба, дапамогуць не толькі словам. «Крыніца» для іх — не проста захапленне, а само жыццё — цікавае, клопатнае, багатае на падзеі. А іншага яны сабе ўжо і не ўяўляюць…

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *