Векапомнае

Общество

Гэты ліст на ўспамін пра свайго родзіча, якога не стала ў лістападзе, даслаў з Масквы ўраджэнец Чэрвеньшчыны, вядомы мовазнаўца Аляксей Каўка. 28 снежня было сорак дзён, як не стала Валянціна Пятровіча Цыбіна — простага чалавека, адметнага майстра-ўмельцы, моцнага сваімі каранямі і тым выразным сялянскім поглядам на наваколле, які дапамагае жыць на гэтай зямлі самому і тым, хто побач… Згасла яго зорка на небасхіле, але агонь светлага ўспаміну гарыць у сэрцы кожнага, хто ведаў яго, паважаў і любіў…

Асірацелыя дзеці  загіненага салдата (маці памерла раней) — дзесяцігадовы сын з малодшай сястрычкай — прабаўляліся ў сырым змрочным паўпадвальчыку на ўскрайку акупаванага горада. Там аднойчы зведаў хлапчук балючага выспятка кованым ботам ад фашысцкага абозніка. Рызыкнуў было малец падцвеліць над «арыйцам» нашым пераможным Сталінградам — дакацілася  ж да Ржэва світальная вестка… Балазе на той момант у руках ваякі  — падвозіў дровы да палявой кухні — не аказалася зброі,  а юны пратэстант,  скаціўшыся ў адхон,  паспеў зашыцца ў прыдарожным хмызняку. Затым — чарговае, драматычнейшае выпрабаванне.

Адступаючы, гітлераўцы заладавалі ржэўцамі састаў для адпраўкі ў Германію — пераважна моладдзю, падлеткамі. У «цялятніку»,  дашчэнту набітым гаротным людам, апынуліся і Валік з сястрычкай Рытай. Ноч, дзень марудліва паўзе паравоз. Цяснота,  задуха ў вагоне,  ні вады,  ні ежы. Добра, жанчынка побач падзялілася з дзецьмі варанай,  у «мундзіры»,  бульбінкай. Здаецца, нічога смачнейшага, успамінаў пазней Валянцін, датуль ніколі не спытваў.

Пад світанак на нейкай станцыі (аказалася — Стоўбцы) — працяглае стаянне. Дзверы  аднак  наглуха, на паветра зняможаных людзей не выпушчаюць. Адно  знадворку — чужое,  адрывістае гергетанне,  сабачы брэх. Раптам — густы пранізлівы гул самалётаў,  выбухі ўздрыганулі наваколле. Станцыю бамбіла савецкая авіяцыя. На пуцях агністымі слупамі ўспыхнулі цыстэрны з гаручым. Палымяная рака шуганула па рэйках. Агнём заняліся й вагоны з палоннікамі. Людзі ў роспачы — ужо праз адчыненыя дзверы — выскокваюць, ратуючыся, хто пад які схрон. Навокал бушуе агонь, зноў выбухі,  страляніна,  лямант,  енкі… З тае пякельнае калатнечы нейкім цудам уратаваўся наш Валянцін. Адбегшы,  апрытомнеўшы, стаіўся ў бліжэйшым кустарніку. Адтуль праз цэлы дзянёк намагаўся згледзець ці пачуць галасок сястрычкі. Пазней,  праз гады,  як ні імкнуўся  дапасці жывога следу роднае крывінкі — безнадзейна. На запыты не здолелі суцешыць ні Чырвоны Крыж, ні тэлеперадача «Жди меня».

Тым часам поцемкам — лесам,  пералескамі, полем — праз сакавіцкую наледзь прыбіўся, дашчэнту знясілены,  да нейкага хутара. Гаспадар,  дзякаваць Богу,  чулая душа, пусціў ледзь прытомнае хлапчанё ў хату, абагрэў, накарміў,  падаў на плечы цёплую мультановую кашулю, на ногі — пацёртыя мяккія буркі (мальцавы атопкі амаль распаўзліся яшчэ на падыходзе да хутара, і ён дыбаў апошні кавалак дарогі амаль басанож). У спагадлівага хутаранца, рупна спамагаючы яму ў гаспадарцы, сустрэў хлопец вызвольны прыход Чырвонае Арміі.

З год прабыў у дзіцячым доме ў Мінску. Потым — школа фабрычна-заводскага навучання (ФЗН). Кемны ад нараджэння,  старанны падлетак праз нядоўгі час патрапіў налаўчыцца адразу некалькім спецыяльнасцям: слесара,  токара,  цесляра,  сталяра,  печніка. Пазней у яго сялянскім — калгасна-саўгасным — побыце гэтыя таленты раскрыюцца напоўніцу, здабываючы майстру-самародку захапленне, удзячнасць бліжніх і дальніх. А пакуль — праца на цагельні, на адбудове зруйнаванага горада,  між іншым, і знакамітае фабрыкі «Камунарка».

Аднаго разу з сяброўкай па цэху ўжо сталым юнаком залучыў ён у вёску Машчаліна, што на Чэрвеньшчыне. Там пазнаёміўся з Ленай Каўка. Дзяўчына, таксама сiраціна, тулілася ў хаціне пад дзвюма хваінамі, на водшыбе сяла. I яе бацька не вярнуўся з фронту, маці памерла яшчэ перад вайной. Сястра Валя, скончыўшы курсы тэлеграфістак, працавала ў Чэрвені  на тэлеграфе.  Малодшы браток — аўтар гэтых радкоў — гадаваўся ў дзіцячым доме. А мiнскі госць наш, бліжэй сышоўшыся з маладой адзінокай гаспадынькай падслепаватае, у два вуглавыя ваконцы хаткі,  адчуў у сабе-адзінотніку крэўную суладную душу. I — вызначыўся: назад, у  горад, не вяртацца,  ніхто там не чакае, тут — прыпын і жыццёвы выбар. Так дзве сірочыя сцежкі сышліся ў адну пуцявіну.

Пра той супольны шлях жыцця-быцця сямейкі Цыбінаў распавядалася  сваім часам  на старонках газеты «Уперад» («На плыні дзён» — 1978, 23 лютага). А найперш — пра неадольна працавітую, прываблівую мудрасцю й дабрынёй  асобу Валянціна Пятровіча Цыбіна:

…Калі урадавым яго

Адзначылі медалем,

Ён на сяброўскі нечы жарт,

I ордэн бы не шкодзіў,

Давёў, як некалі салдат:

Яно й медалі годзе.

Медальку тую дзеці пакладуць на падушачцы ў бацькаву дамавіну 19 лістапада. Адышоў ён на вечны супачын, двух гадкоў не дасягнуўшы сваіх васьмідзесяці. Пахавалі Валянціна Пятровіча Цыбіна на магільным пагурку ў Горках — побач з жонкай Ленай Канстанцінаўнай, якая пакінула свайго гаспадарочка амаль трыма гадамі раней.

Вядома, пра нябожчыкаў — толькі добрае альбо нічога. Але за памінальным сталом кранальныя згадкі  жалобнікаў не былі данінай смутнай аказіі. Ці не кожны спамінаў  прачулым словам гэтага чалавека. Сярод іншых — колішні дырэктар саўгаса «Горкі» Уладзімір Галіеўскі. Ён прыгадаў жыцейны афарызм легендарнага калгаснага старшыні Стальмашонка: «Граматных многа, разумных мала». Пакойны Валянцін Цыбін — працягваў — пры сціплай граматнасці падзіўляў, цешыў людзей нязвыклым, ад Бога, зямным розумам, мудрасцю, спрытам рабіць сялянскую справу рупна,  хораша,  надзейна. На яго нястомных плячах, здольных руках практычна трымалася ўся малочнатаварная ферма ў Машчаліне. Не памятаю,  каб там які абвал  ці скаргі даярак. А гэта ж — агромністы комплекс з людзьмі, тэхнікай,  абсталяваннем. Няпроста — усім дагадзіць, усё дагледзець, пад вострую нечаканасць  нешта наладзіць, направіць. Ды што там вытворчасць. Таго чалавека — сціплага,  дасціпнага — і паслухаць было адна асалода. Ні табе скаргаў, звыклае нудоты, толькі,  з гумарком — спакойна-суцяшальнае: зробім,  дырэктарка,  як трэба — не праймайцеся вельмі, беражыце здароўе. Маладзейшыя — дзеці, пляменнікі — спаміналі яго бацькоўскую патрабавальнасць, лучаную з далікатнасцю. Каго ўпершыню навучыў касой, з належным прыціскам, вадзіць,  каго — плуг у баразне роўна трымаць,  іншага — гэблікам па дошцы стругаць, малатком,  тапаром умела  ўвіхацца. I ніякага з боку настаўніка надрыву,  раздражнення. Скрозь цярпліва-лагоднае: вось так,  мой харошы,  паціху  патроху і дзейнічай.

Не адзін з сяльчанаў-машчалінцаў, з бліжэйшых Аляксандраўкі,  Марыямпаля,  Чырвонае Слабады,  Горак,  а нават хтосьці ў Чэрвені, грэючы плечы на чарэні, успомніць удзячна Цыбіна-печніка. Складзеная яго рукамі печ і цягай у комін, і цяплом трывалым не саступіць якой лепшай. Не памятаецца,  каб з кім сварыўся, абразіў каго, хаця сам не раз і дазнаваў (людзі  не анёлы) крыўды ад іншых. Аднак цяпер у яго агарод наўрад хто кіне камень…

Мне, маскоўскаму прыбышу, тады, на жалобе, не выпадала даўжэй запыняцца над постаццю пакойнага. Цяпер,  спакайнеючы ад пахавальных перажыванняў, праглядаю фотаздымкі з жывым абліччам майго швагра,  а па сутнасці — найбліжэйшага друга,  найраднейшага брата. Спаглядаючы ў расійскае поле з вакна Беларускае хаткі,  узведзенай тут чвэрць веку таму маімі суродзічамі — Валянцінам,  Санем-сынам Цыбінымі,  другім шваграм Жэнем Яскевічам,  плямяннікам Мікалаем Пракопчыкам  — прыдалі яны маскоўскаму беларусу сілоў і натхнення на штосьці добрае —  дзеля нашай Радзімы. На той жа  Валікавай ляжанцы цеплячы азяблую спіну,  спамінаю свайго найбліжэйшага рускага чалавека, які на беларускай і тут,  на расійскай зямельцы, пакінуў па сабе плённы  нятускны след.

Соня мая, падаючыся за прадуктамі ў бліжэйшую краму, скрозь бярэ з сабой вабную зручную карзінку — Валікаў падарунак. Знямоглы, амаль паралізаваны,  апошнія гадочкі  сядзеў ён у сынавай гарадской кватэры. Ужо не ўстаючы на ногі,  у каталцы, мужна барукаўся з хваробай — выплятаў,  майстраваў кошычкі,  карзінкі,  адорваючы імі сяброў,  знаёмых. Так за працай-творчасцю й заспела Майстра апошняя часіна.

Незадоўга перад тым выпала мне адскочыць да яго з Масквы — суцешыць,  падтрымаць хоць словам. Абняліся, прывіталіся. Мой Валянцін, прыўзняўшыся з канапы, дастае з-пад падушкі,  працягвае госцю канверт:

— Вось,  Аляксей,  не стала мне сілоў набыць табе юбілейны падарунак,  трымай,  што магу.   

У тым «магу» — стотысячная рублёвая купюра.

— Валік,  родны,  што ты надумаў, —  збянтэжаны,  пратэстую.

— Ат,  — запярэчыў рашуча, — ты ў дарозе,  з выдаткамі,  а мне,  дамаседу, многа не трэба,  вазьмі,  не крыўдзі.

Мусіў я прыняць той даруначак,  дадаўшы ў скарбонку на выданне нашага ў Маскве «Скарыніча». Так і Цыбіна прозвішча  абок іншых спрыяльнікаў увечнілася на старонках альманаха.

Адыходзяць у іншы свет генералы,  старшыні,  дырэктары,  іншыя людзі — уладныя,  знакамітыя. Пра іх — найчасцей — грамадскія словы памінання. Салдаты, простыя  працаўнікі, пакідаюць нас зазвычай ціха, амаль непрыкметна. Хаця найперш на іх плячох,  іхнімі рукамі,  мужнасцю й душэўнасцю трымалася, трымаецца й цепліцца жыццё на зямлі. Помны след аднаго з іх — хай не застанецца непрыкметным.

Аляксей Каўка,

г. Масква



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *