ЗВАРОТ УДЗЕЛЬНІКАЎ ЧАЦВЁРТАГА УСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ

Общество

ДАРАГІЯ СУАЙЧЫННІКІ!

Чацвёрты Усебеларускі народны сход стаў знакавай падзеяй у жыцці нашай краіны. Час пацвердзіў важнасць гэтага сапраўды дэмакратычнага форуму, які ўяўляе рэальны механізм прамога ўдзелу беларускага народа ў кіраванні дзяржавай.

Сёння, на парозе новага пяцігоддзя, мы, дэлегаты чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, адобрылі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. І вельмі важна, што ў аснове гэтага дакумента наказы грамадзян нашай краіны. Такім чынам, мы зацвердзілі стратэгію і вызначылі задачы дзяржаўнага будаўніцтва на бліжэйшую перспектыву.

Галоўны сэнс гэтай стратэгіі — клопат дзяржавы аб кожным чалавеку, які жыве ў Беларусі.

Наша мэта — пабудова дзяржавы для народа — застаецца нязменнай. Такая палітыка разам з паслядоўным забеспячэннем правоў і свабод грамадзян і ўзаемадзеяннем дзяржаўнай улады са структурамі грамадзянскай супольнасці садзейнічае захаванню на беларускай зямлі нацыянальнай і міжканфесіянальнай згоды, забяспечвае ў краіне стабільнасць і грамадзянскі мір.

Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі была створана беларуская мадэль развіцця, якая даказала сваю жыццяздольнасць нават ва ўмовах глабальнага фінансавага крызісу. За мінулую пяцігодку пабудаваны і мадэрнізаваны сотні новых прадпрыемстваў, рэалізаваны маштабныя сацыяльныя праграмы, значна павышаны заработная плата, пенсіі і дапамогі.

Прытрымліваючыся выбранага сацыяльна-палітычнага курсу, Беларусь, паводле даных ААН, не толькі ўвайшла за мінулае пяцігоддзе ў лік краін з высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу, але і замацавалася ў гэтым спісе. Сёння мы займаем 61-е месца ў свеце па гэтаму важнейшаму паказчыку, апярэджваючы ўсе краіны СНД.

У рэспубліцы паспяхова рэалізуецца Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. Сёння Беларусь з’яўляецца адным з вядучых пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання ў краінах Усходняй Еўропы.

Дзякуючы эканамічнаму росту ў суверэннай Беларусі цвёрда забяспечваюцца нацыянальная бяспека і абароназдольнасць краіны.

Лагічным прадаўжэннем беларускага сацыяльна-эканамічнага курсу на бліжэйшыя пяць гадоў стануць лібералізацыя і структурнае пераўтварэнне эканомікі, дэбюракратызацыя дзяржаўнага апарату, стварэнне прывабнага інвестыцыйнага клімату і садзейнічанне прадпрымальніцтву, развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей, рост экспарту тавараў і паслуг. Вынікам гэтага павінна стаць стварэнне максімальна спрыяльных умоў для раскрыцця здольнасцей кожнага грамадзяніна краіны.

Толькі такі шлях развіцця можа прывесці да росту дабрабыту народа, да станоўчых дэмаграфічных змяненняў, толькі ён створыць умовы для дастойнай адукацыі і выхавання новых пакаленняў, наблізіць узровень і якасць жыцця беларускага народа да стандартаў еўрапейскіх краін.

Галоўнае багацце краіны — людзі. Чалавек, яго дабрабыт, аптымізм і ўпэўненасць у заўтрашнім дні з’яўляюцца вышэйшай мэтай дзяржаўнай палітыкі, якая ператварае пазітыўныя перадумовы ў рэальнасць. Мы цалкам падтрымліваем дакладна абазначаныя Прэзідэнтам краіны прыярытэты ў дэмаграфічнай сферы, нацэленыя на павелічэнне працягласці жыцця, нараджальнасці і колькасці насельніцтва.

Народ Беларусі добра ўсведамляе, што без партнёрскіх узаемавыгадных адносін з Расіяй і іншымі краінамі СНД, Кітаем і Венесуэлай, Еўрапейскім саюзам, ЗША і іншымі дзяржавамі наша краіна не можа ў поўнай меры рэалізаваць прынятыя маштабныя праекты сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Мы пацвярджаем шматвектарную знешнюю палітыку дзяржавы і разлічваем на раўнапраўныя і добрасуседскія адносіны з усімі краінамі свету незалежна ад палітычнай сістэмы і дзяржаўнага ладу. Беларусь будзе і далей паслядоўна развіваць прынцыпы адкрытага грамадства з улікам нацыянальных інтарэсаў, выступаць за давер і ўзаемападтрымку ў адносінах з іншымі дзяржавамі.

Мы заклікаем нашых замежных партнёраў да актывізацыі і пашырэння ўзаемадзеяння з Рэспублікай Беларусь ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

ДАРАГІЯ СУАЙЧЫННІКІ!

Мы, дэлегаты чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, перакананы, што беларускі народ, надзелены прыроднай мудрасцю і талентам, шматвяковым вопытам, чарговы раз зробіць правільны дэмакратычны выбар нашага будучага.

Краіна ўступае ў новы этап развіцця беларускай дзяржаўнасці, які патрабуе яднання ўсяго народа. Мы бачым Беларусь моцнай, квітнеючай, эканамічна магутнай краінай, якая займае дастойную пазіцыю ў свеце. І верым, што праявіўшы мэтанакіраванасць, прыроджаную працавітасць, стараннасць, волю і цярпенне, беларускі народ дасягне намечаных мэт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *