УРОК ПАСЛЯ ЎРОКАЎ

Местная власть

Менавіта такое ўражанне было падчас сустрэчы ў аўторак старшыні райвыканкама Івана Пятровіча Муха, членаў райвыканкама і кіраўнікоў абслугоўваючых арганізацый з педагагічным калектывам чацвёртай сярэдняй школы г. Чэрвеня.

Толькі на гэтым своеасаблівым уроку адказвалі не вучні, а прадстаўнікі  мясцовай улады. І пытанні настаўнікаў былі не з падручнікаў, а з жыцця. Асабістага і школьнага. Пераважна праблемныя, вырашыць якія не пад сілу настаўнікам.

У прыватнасці, узнімаліся пытанні электрычнага асвятлення прышкольнай тэрыторыі і бліжэйшых да яе вуліц, ацяплення кватэр у 58-ым доме па вуліцы Мінскай і адным з дамоў у Любішыне, санітарнага стану лазні ў Чэрвені і непрывабнай тэрыторый наўкол яе, аб “знікшай” вуліцы ў мікрараёне аўтавакзала, засмечанасці прыдамавых тэрыторый на Мінскай вуліцы, абыякавым рамонце казырка над пад’ездам дома па вуліцы Барыкіна, небяспечнасці, якую ўяўляюць балконы ў першым доме па вуліцы Ленінскай.

Гучалі і так званыя пытанні “з барадой”. У прыватнасці, па цеплавой рэабілітацыі дома на вуліцы Барыкіна. Выказвалася непаразуменне тым, што падчас будаўніцтва дома ля школы знішчаецца раней зробленая асфальтаваная дарожка.

Адмоўную ацэнку далі настаўнікі службе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, засяроджвалі пры гэтым увагу на грубасць некаторых з яе работнікаў, непрафесійнасць, абыякавасць.

Недакладныя адказы на зададзеныя пытанні не прымаліся. У такіх выпадках старшыня райвыканкама даручаў сваім падначаленым дэталёва ўнікнуць у наяўныя праблемы з мэтай іх далейшага вырашэння.

Настаўнікі пажадалі з першых вуснаў даведацца аб тым, калі ў Чэрвені палепшыцца якасць вады. Адказ на яго публікаваўся ўжо ў раённай газеце, аналагічным ён быў і тут: у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Чыстая вада” запланавана  на 2011-2012 гады будаўніцтва ў Чэрвені станцыі абезжалезвання і ачышчэння вады ад прымесяў.

Называліся і канкрэтныя заданні-прапановы. Наконт адкрыцця ў Чэрвені маладзёжнага кафэ, наданні прывабнасці абутковай майстэрні камбіната бытавога абслугоўвання, неабходнасці зрабіць усцяж стадыёна пешаходную дарожку ў парк, а ля школы — стаянку для аўтамашын.

Настаўнікаў праінфармавалі, што старшыня абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура паабяцаў грашовую дапамогу на будаўніцтва ў Чэрвені фізкультурна-аздараўленчага комплексу і што неўзабаве будзе ў Чэрвені новы дзіцячы садок.

Ацэнкай работы старшыні райвыканкама былі заключныя падчас сустрэчы словы дырэктара школы Эмы Міхайлаўны Анціпенка:

— …Ад імя педагагічнага калектыву я хачу падзякаваць Вам, Іван Пятровіч, за тое, што мяняецца аблічча Чэрвеня і раёна. Вельмі прыемна нам бачыць добраўпарадкаваны цэнтр горада і магчымасць хадзіць на абцасах па вуліцах Барыкіна, Мінскай, на вакзал. Вялікая работа ажыццёўлена Вамі і камандай, якую Вы ўзначальваеце. А яшчэ мы вельмі дзякуем за тое, што так уважліва адносіцеся да сістэмы адукацыі. Мы сёлета і ў мінулыя гады шмат зрабілі, дзякуючы Вашаму ўдзелу… Вы падтрымліваеце маладыя таленты, узнагароджваеце граматамі настаўнікаў  у іх прафесійнае свята. Мы Вам за гэта таксама ўдзячны…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *