Цёпла дома, цёпла ў сэрцах

Общество

Маладая сям’я Канаплёвых пераехала ў Любішына з Магілёўшчыны ў сярэдзіне лета. Муж, дваццацішасцігадовы Алег, пайшоў працаваць у «Натальеўск» трактарыстам. Жонка, дваццацідвухгадовая Сандра, уладкавалася сакратаром у канторы. Маленькай Адэліне, якой яшчэ няма трох гадоў, адразу знайшлося месца ў Любішынскім дзіцячым садку. Але самае цудоўнае, што адбылося падчас пераезду — гэта тое, што Канаплёвым адразу выдзелілі двухпакаёвую кватэру ў новым доме! Згадзіцеся, не заўжды так шанцуе не тое што маладым. Таму і задаволены Алег і Сандра жыццём менавіта з першага дня, як ступілі яны на чэрвеньскую зямлю.

— Калі я працаваў у Касцюковічах, то атрымліваў невялікую зарплату, хаця  працаваў , як кажуць, ад зары да зары, — распавядае Алег. — Пакуль быў адзін, дык неяк не задумваўся пра тыя грошы. Але як ажаніўся ды падгадавалася крыху малая, зразумеў — з такой зарплатай сям’ю «не пацягну», трэба нешта думаць. Вось і надумалі паехаць у «Натальеўск». Нам родная цётка падказала, яна ў Чэрвені жыве. Калі ўладкаваўся на працу, я не ведаў, што гэта адна з лепшых гаспадарак. Зараз ужо бачу, што тут усё, як гаворыцца, у моцных руках!..

— Кіраўнік «Натальеўска» — жанчына, — дадае Сандра, —  і, думаю, нялёгка ёй даводзіцца. Але кіруе  дастойна, спраўляецца з мужыкамі лепш за каго! Канешне, мы ёй, Алене Эдуардаўне Махнач, вельмі-вельмі ўдзячны, што і жыллё атрымалі, і працу, і садок дачушцы. Зарплаты ў нас таксама добрыя, муж кажа, што за такую зарплату і на работу бегчы хочацца! Не тое, што было на старым месцы…

У сваю двухпакаёўку Сандра і Алег што прывезлі з Касцюковічаў, а што набылі ўжо зараз. Напрыклад, новы тэлевізар, што радуе па вечарах невялічкае іх, але вельмі добразычлівае, лагоднае сямейства. У пакоях цёпла, працуе газавае ацяпленне з сучасным эканамічным катлом. У садку таксама цёпленька, і Адэліна з задавальненнем наведвае групу, танцуе, гуляе, весела шчабеча з выхавацельніцай і дзецьмі. Праўда, два разы на год даводзіцца праводзіць маму ў дальнюю дарогу, па веды: Сандра завочна вучыцца ў Маскоўскім псіхолага-сацыяльным інстытуце на эканамічным факультэце. Праз два гады атрымае спецыяльнасць банкаўскага работніка. А вось Алег пакуль што раздумвае, ці працягваць адукацыю. «Мне і так добра жывецца, чаго яшчэ хацець?! — смяецца ён. — Лепей я пра ўласны аўтамабіль буду думаць, як яго купіць». «О, гэта будзе здорава! — смяецца Сандра. — Тады мы зможам ездзіць у Мінск і ў Чэрвень, калі захочам!»

Калі размаўляеш з гэтымі прыгожымі маладымі людзьмі, неяк так хораша робіцца на сэрцы, нібыта і няма ні халоднай зімы, ні кароткіх дзён, ні пранізваючага ветру на вуліцы… Але ж усё павыспрашана, што толькі трэба было, і час развітвацца… Задам апошняе пытанне, што, верагодна, цікавіць і вас, чытачы — — адкуль у Сандры яе незвычайнае імя?

— Так я ж у Літве нарадзілася і жыла да пяці гадоў, — тлумачыць Сандра. — Сярод літоўцаў гэта імя даволі распаўсюджанае. Але калі мне споўнілася пяць, мама захацела, каб я вучылася не ў літоўскай, а ў беларускай школе. І мы пераехалі на Магілёўшчыну. Там я пазней і пазнаёмілася з Алегам.

Вельмі хочацца пажадаць гэтым светлым, душэўным людзям, каб іх жыццё заставалася заўжды такім жа ўтульным і ўладкаваным, як сёння. І каб людзям, што сустракаюцца на шляху, ад стасункаў з Сандрай, Алегам і Адэлінай станавілася таксама цёпла і прыемна на сэрцы!..

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *