Куточак Чэрвеньшчыны: Арэхаўка. Працяг

Общество

(Працяг. Пачатак у № 171-172)

МАРФІН ІВАН

Так паводле імя яго маці называюць ў вёсцы Івана Міцкевіча (на здымку) . Ён тут — за начальніка. Без партфеля, без кабінета і без зарплаты. Кажаце, няма такіх? Чаму ж не?  Есць! І бадай у кожнай вёсцы. Пасада іхняя  — стараста. Яна трымаецца на павазе аднавяскоўцаў. Такія, як Іван Міцкевіч, — давераныя іх у сельскіх Саветах дэпутатаў. Праз старасту любое  жыццёва важнае пытанне ямчэй вырашаць.

Апошнім часам агульным клопатам ў Арэхаўцы, як і па ўсёй Чэрвеньшчыне, стала   добраўпарадкаванне вёскі. Адзін  перед адным стараюцца, каб прыгожа было. Усяроўна як кабеты на свята, прыхарошваюцца фарбай ды вагонкай хаты, падпярэзаныя адноўленымі і падмаляванымі платамі. Вось як ў былога механізатара саўгаса “Грабянецкі” пенсіянера Мікалая Блізнюка (на здымку)

Марфін Іван

Гэтай вясной выбеглі з прысад на вуліцу, прытуліліся да платоў кветкі і вабілі сваім хараством да самай восені.

Магло стацца так, што з сённяшнім пенсіянерам і старастам, а ў нядаўнім мінулым перадавым вадзіцелем саўгаса “Грабянецкі” і звабным мужчынам Іванам Міцкевічам, мы не мелі б магчымасці сёння размаўляць. Так у вайну складвалася. Напярэдадні яе бацька Івана  стаў камуністам, працаваў старшынёй калгаса.  Калі аб”явілі мабілізацыю ў войска, забралі і яго. Пад Мінскам, куды накіравалі навабранцаў, іх узялі ў палон немцы, прыгналі  ў Чэрвеньскую турму. Трымалі на дварэ за дротам. Чутка пра гэта даляцела ў Арэхаўку яго жонцы. Чуйнае жаночае сэрца адразу паклікала ў дарогу: “Ідзі, Марфа, у Чэрвень, там твой Іван…”

Ля агароджы сабралася шмат палонных, але мужа яна не заўважыла. Пачала гукаць: “Ваня! Ваня! Ваня!” Усе-такі дагукалася. Ён падышоў і ціхенька папрасіў: “Прынясі сялянскае адзенне…” У ім неўзабаве і з”явіўся ў Арэхаўцы. А назаўтра толькі селі разам са сваякамі снедаць,трывожна забрахаў сабака. Не паспелі згледзець, як на парозе з”явіліся два немцы і паліцай. Пытаюцца: “Каторы тут Міцкевіч?” Паліцай паказаў на Івана.

— Збірайся, паедзеш з намі, — скамандавалі яму.

Марфа толькі паспела адрэзаць і пакласці ў торбачку лусту хлеба і сала.

Вывелі яго з хаты, звязалі рукі — і ў павозку. У ёй ужо ляжаў звязаны Гірыч з суседняга Навасялення. Таксама камуніст і старшыня калгаса. (Тады кожная вёска была калгасам). Па дарозе на Чэрвень павярнулі ў Дзерці. Там немцы арыштавалі  актывіста Мікалая Ганчарыка. У яго была поўная хата дзяцей — сем душ. Тыя кінуліся за бацькам, але іх адагналі. У балоце за вёскай арыштаваных паставілі пад расстрэл. Ганчарыку неяк пашчасціла  раненаму ўцячы. А Міцкевіча і Гірыча застрэлілі.

(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *