Галіна Лысакоўская: «Зачараваная лебедзямі…»

Общество

Менавіта так можна сказаць пра кіраўніка гуртка «Гаспадынька» Дома дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Галіну Лысакоўскую. Лебедзі — яе любімыя істоты, якіх яна з задавальненнем майструе сваімі рукамі і вучыць гэтаму дзяцей.

Яшчэ на падыходзе да Дома дзіцячай творчасці захапляешся кампазіцыяй з парай гордых птушак.  Як патлумачыла аўтарка і непасрэдная выканаўца ідэі добраўпарадкавання тэрыторыі Галіна Лысакоўская, яна з дапамогай каляжанкі Валянціны Юцкевіч спачатку намалявала птушак у натуральную велічыню. А затым у ход пайшоў цэмент і яго ўзмацненне — пясок, камяні, пруты… Кожная фігура складалася з дзвюх частак, якія залівалі растворам паасобку. Яны доўга сохлі, пакуль добра не зацвярдзелі. А затым іх склеілі разам, пашліфавалі, размалявалі. На тэрыторыі стварылі імітацыю возера (з пафарбаваных у блакітны колер камянёў і каменьчыкаў), куды і ўстанавілі фігуры. Атрымалася цалкам натуральна!

Праца, вядома ж, была доўгай і складанай. Крыху хутчэй з’яўляюцца на свет лебедзі, зробленыя з паперы ў тэхніцы арыгамі. Іх з задавальненнем ствараюць дзеці. Але, зазначае Галіна Лысакоўская, і тут трэба правесці вялікую падрыхтоўчую работу. У прыватнасці, нарэзаць квадрацікі 4х7 см — ажно 400 штук на адзін выраб! — і скласці іх адмысловым чынам. А пасля ўжо можна рабіць лебедзяў, пальмы і нават… торт, які здалёк дужа нагадвае сапраўдны!

Гэтыя фігуры, апрача ўсяго іншага, могуць выкарыстоўвацца як упрыгажэнне стала. Як яго сервіраваць, як правільна сябе паводзіць, культурна есці — усяму гэтаму таксама вучыць сваіх выхаванцаў кіраўнік гуртка. А яшчэ — гатаваць печыва і шмат чаго іншага.

Галіна Лысакоўская

Што цікава, мудрагелістасці і таямніцы кухні з поспехам асвойваюць і хлопцы! А пасля з задавальненнем частуюць дома родных. Галіна Лысакоўская — повар са стажам, колішняя загадчыца сталовай інтэрната, які раней размяшчаўся ў гэтых сценах. Таму сакрэтаў прыгатавання смачнай ежы ведае шмат і ахвотна дзеліцца імі з дзецьмі. Яшчэ тут асвоілі пляценне кошыкаў з упаковачнай стужкі.

Галіна Лысакоўская шмат чаго ўмее рабіць сваімі рукамі. Але ўлюбёны яе занятак усё ж арыгамі. І калі яна ўзяла ў рукі папяровую белакрылую птушку, здалося, самы сапраўдны лебедзь даверліва прылёг у яе пяшчотныя далоні…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *