Працоўны дэсант у Турэцкiм парку

Общество

Надзвычай ажыўлена было ў сераду ў парку вёскі Турэц. Сюды прыбыў вялікі працоўны дэсант. Усе вучні, настаўнікі, адміністрацыя, работнікі мясцовай школы, узброіўшыся венікамі і граблямі, дружна шчыравалі на даволі вялікай тэрыторыі.

А папярэднічала гэтаму агульнае пастраенне ў фае школы, падчас якога дырэктар Антаніна Даўгалявец размеркавала зоны дзеяння для кожнага, пачынаючы ад адміністрацыі і заканчваючы самым маленькім першакласнікам.

Увогуле, гэты парк замацаваны за Турэцкай школай даўно. І даглядаюць яго круглы год. Узімку расчышчаюць сцежкі да помніка смуткуючай маці, збіраюць смецце, зламаныя галінкі… А сапраўдная вясна ў турэцкім парку пачынаецца вось з такіх працоўных дэсантаў, калі зграбаюць зляжалае лісце, даючы ход маладой ізумрудавай траўцы.

І хаця дождж, які прайшоў напярэдадні і намачыў лісце, крыху абцяжарыў працу, энтузіязму ў дзяцей не зменшыў. Бо свяціла сонейка, дзьмуў ветрык…. І рады паміж шматгадовымі ліпамі паступова вызваляліся ад мінулагодніх залежаў. Хтосьці зграбаў, хтосьці падмятаў, хтосьці подбегам нёс жмуты галінак… А помнік ахвярам вайны бы прыснуў у чаканні рамонту, запланаванага Кліноцкім сельвыканкамам на сёлета…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *