Фотафакт: Ансамбль народнай песні “Азяраначка”

Общество

Азёрнаўскі сельскі Дом культуры

Творчая дзейнасць ансамбля «Азяраначка» пачалася ў 1955 годзе, калі на базе Азёрнаўскага Дома культуры быў створаны невялікі фальклорны гурт. Спачатку яго выступленні ўяўлялі канцэртныя праграмы ў выглядзе вячорак, матэрыял для якіх збіраўся і апрацоўваўся кіраўніком разам з удзельнікамі. Але ішоў час, змянялася пакаленне за пакаленнем, назапашваўся рэпертуар, удасканальвалася манера выканання.

Ала Круталевіч, Ганна Крывіцкая, Таццяна Іванова, Святлана Савошчык, Людміла Рыжык, Алеся Чарвяк, Святлана Канаплянік, Таццяна Балоціна, Ірына Краснагір, Надзея Таболіна

У 1993 годзе пасля заканчэння інстытута культуры на пасаду мастацкага кіраўніка Азёрнаўскага сельскага Дома культуры была прызначана Ганна Аркадзьеўна Крывіцкая, якая прадоўжыла пачатую папярэднікамі справу і ўзяла на сябе кіраўніцтва ансамблем.

Сёння ў складзе гэтага самабытнага вакальнага калектыву  жанчыны розных прафесій і ўзросту,  якіх аб’ядноўвае захапленне песняй.  Сярод іх рабочыя, хатнія гаспадыні, служачыя.

Акампаніятар Аляксандр Вавілаў

Рэпертуар ансамбля цікавы і разнастайны. Аснову складаюць народныя беларускія і рускія песні, творы айчынных і замежных аўтараў. Асобае месца займаюць беларускія абрадавыя песні: у калектыве стала  традыцыйным  правядзенне  абрадавых свят «Каляды», «Гуканне вясны», «Купалле».

У 2008 годзе «Азяраначку» ўзначаліў таленавіты хармайстар — работнік культуры — Шунтаў Анатолій Феліксавіч.  У хуткім часе калектыў абраў новае гучанне, новы рэпертуар. I ў верасні 2009 года  яму  было прысуджана ганаровае найменне «Народны».

Сярод калектываў аматарскай творчасці Чэрвеньшчыны народны ансамбль народнай песні «Азяраначка» — адзін з самых любімых. Ен жаданы госць не толькі ў сваіх землякоў, з кожным годам пашыраецца геаграфія выступленняў. Яго часта можна сустрэць на абласных і рэспубліканскіх святах. У апошнія гады наладзіліся творчыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Мінскай вобласці: калектыў паспяхова выступае на пляцоўках Мінска, Барысава, Жодзіна, Узды, Смалявіч. «Азяраначка» — нязменны удзельнік рэспубліканскага свята «Беларуская лыжня» ў Раўбічах.

Кожнае выступленне гэтага ансамбля народнай песні  кранае душу, далучае да невычэрпных крыніц народнай песеннай культуры.

Яго ўдзельнікі пастаянна працуюць над аднаўленнем рэпертуару,  удасканальваюць сваё выканальніцкае майстэрства.

Ірына Верына, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *