Дуэт Арцёма Дзятко і Дзмітрыя Маркевіча: «Сябра + сябра = дуэт»

Молодежная политика

Дуэт Арцёма Дзятко і Дзмітрыя Маркевіча

Нядаўна мне пашанцавала прысутнічаць на цудоўным канцэрце. Уразіў дуэт Арцёма ДЗЯТКО і Дзмітрыя МАРКЕВІЧА са Смілавіч. Вельмі прыгожа яны спявалі песню » Плачет белая берёза».  Я слухала ў захапленні! Нават узнікла пытанне, чаму хлопцаў не паказваюць па тэлевізару! Іх  выкананне выклікала ў мяне  і захапленне, і замілаванне, і павагу, і цікаўнасць, і крыху баязлівасць. Захацелася расказаць пра іх  у «Равесніку»! Цікаўнасць і захапленне перамаглі баязлівасць, таму я падышла да Арцёма і Дзмітрыя, пазнаёмілася і задала некалькі пытанняў.

— Колькі вам гадоў, дзе вучыцеся?

Арцём: — Мне пятнаццаць, вучуся ў дзесятым класе Смілавіцкай СШ №2.

Дзмітрый: А мне дваццаць, і я ў гэтай школе  працую! Аператарам

—  Вы сябры? Даўно знаёмы?

Дзмітрый:  — Так, мы сябры. З дзяцінства! Тады Арцём яшчэ жыў у Мінску і прыязжаў у наш смілавіцкі двор на канікулы, на выхадныя. Разам пачалі займацца музыкай. Купілі кожны па гітары. Пачалі  самі вучыцца.

— А спяваеце даўно?

Арцём: — Я спяваў ужо гады тры таму, калі пераехаў і пайшоў у другую смілавіцкую школу. Дзіма параіў абавязкова пайсці да выкладчыка вакалу. Потым выступіў на конкурсе, атрымаў дыплом. Так і пачаў.

Дзмітрый: — А я першы раз трапіў на сцэну ў пятым класе. З чым выступаў, ужо  не памятаю. У школе тады існаваў хор хлопчыкаў. У восьмым я пачаў спяваць сольна. Ні ў мяне, ні ў Артёма ніхто ў сям’ях не спяваў, мы першыя!..

— Якія песні вам падабаецца выконваць?

Разам: Аддаём перавагу «цяжкой» музыцы. Напрыклад, рэпертуару груп “Арыя», “ДІО”, «Дзіп Парпл». З беларускіх выканаўцаў паважаем Пятра Ялфімава, прычым, усю яго творчасць, не толькі рокавую.

Арцём: Кожны з нас зараз іграе ў групе. Мая называецца «Легасі оф Каін». Мы рэпетыруем у Смілавічах. Адзін гітарыст смілаўчанін, вучыўся ў маёй школе. Астатнія —  мінчане.

Дзмітрый: А я фронтмэн группы «Авалон». Іграем у Мінску.

— Дзе ж вас можна пачуць?

Дзмітрый: — 18-га кастрычніка адбудзецца наш канцэрт у мінскім пабе «Джолі Роджер». Там калі-нікалі праходзяць канцэрты цяжкой музыкі. Выступаем раз або два на месяц.

Арцём: — Мне канцэртаваць складаней — трэба  вучыцца ў школе… Да таго ж, зараз у нашай групе не хапае аднаго музыканта, шукаем.

— Тое, што вы так прыгожа спяваеце, прываблівае ўвагу дзяўчат?

Разам: Добрае пытанне (смяюцца). Ну, не ведаем. Мы не задумваліся аб гэтым. Прыхільніцы ёсць, мы ж у групах іграем! Але яны  не «дастаюць».

Дзіма: — У мяне «У кантакце» трыста восемдзесят шэсць сяброў, і большая частка з іх — дзяўчаты.

— Што вы яшчэ любіце, якія у вас хоббі?

Арцём: — Іншых захапленняў няма, толькі музыка, яе нам хапае.

Дзмітрый: — Мы абодва заканчваем музычную школу. Бо нам патрэбна базавая музычная адукацыя. Праз два гады, калі Арцём скончыць 11 класаў, будзем паступаць у Мінскі інстытут сучасных ведаў імя Шырокава. Марым вучыцца на выкладчыкаў эстраднага вакалу.

— Дзякуй за размову! Да пабачэння!

Вось такое у нас адбылося знаёмства. Мяркую, што ў будучым Арцём Дзятко і Дзмітрый Маркевіч стануць знакамітымі, і я з задавальненнем буду слухаць іх песні па радыё, глядзець па тэлевізары і качаць з Інтэрнэту!

Юля АДАМОВІЧ, 12 гадоў, г.Чэрвень

Фота Ульяны Воранавай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *