ШТО ЗРОБЛЕНА ПА НАВЯДЗЕННЮ ПАРАДКУ НА ТЭРЫТОРЫІ СЕЛЬСАВЕТА?

Местная власть

Валянціна ПІВАВАР,  старшыня Смілавіцкага сельвыканкама:

— Тэрыторыя нашага сельсавета аб’ядноўвае сямнаццаць населеных пунктаў. На ёй знаходзяцца шэсць міні-палігонаў. Падчас правядзення месячніка добраўпарадкавання сіламі Чэрвеньскай ЖКГ падбуртаваны міні-палігон у вёсцы Смагароўка, у бліжэйшы час такая работа будзе праведзена ў вёсках Старына і Карзуны. Пры дапамозе Мінскага завода безалкагольных напояў ліквідаваны міні-палігон у вёсцы Дукоршчына. Гэта ж будзе зроблена і ў Шасціснопах. Сіламі ААТ «Запольскае» ліквідавана вялікая стыхійная звалка ля вёскі Адынь. Што датычыцца дробных стыхійных сметнікаў, то зараз на тэрыторыі Смілавіцкага сельсавета іх зусім няшмат. Бо ўжо на працягу апошніх трох-чатырох гадоў смецце ад насельніцтва па дамове збіраецца камунгасам у вёсках Заполле, Сняжкі, Верхлес, а з гэтага года — і ў іншых. Пытанні застаюцца толькі па вёсцы Красевічы, дзе не заключаны дамовы з жыхарамі, і населенымі пунктамі Адынь і Загор’е, дзе смецце не збіраюць. Вось там сапраўды раз-пораз з’яўляюцца стыхійныя сметнікі. Пакуль заключаны дамовы на вываз смецця з 89% вяскоўцаў. Будзем далей працаваць у гэтым накірунку.
Усе могілкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, ачышчаны, некаторыя абгароджаны. Няма плоту вакол тэрыторыі пахавання ў вёсцы Старына і Смоленка. Хацелася б памяняць агароджу вакол могілак вёсак Дукоршчына і Шасціснопы. Плануем зрабіць гэта пры дастатковай колькасці грашовых сродкаў, шукаем фундатараў.
Большасць вяскоўцаў стараецца падтрымліваць належны парадак на падворках і прылеглай тэрыторыі. Па магчымасці падфарбоўваюць хаты, абшываюць іх сайдынгам, паднаўляюць платы. Кінутых будынкаў на тэрыторыі Смілавіцкага сельсавета няшмат. Мы актыўна шукаем іх спадчыннікаў. Напрыклад, у вёсцы Старына пасля пажару засталіся рэшткі хаты на падмурку. Знойдзены намі нашчадак ужо напісаў адмову, будзем прыбіраць.
Шмат задум у плане асфальтавання і добраўпарадкавання вуліц. У вёсцы Карзуны заасфальтаваць мяркуецца Маладзёжную, Школьную, Дружную. Для аграгарадка Заполле зроблены праект на вуліцы Беларускую, Новую, Палявую, Цяплічную і часткова — Школьную, завулак Беларускі. У Сняжках мяркуецца добраўпарадкаваць вуліцы Цвяточную, Маладзёжную і Лугавую, у Куліках — Палявую і Школьную, у Шасціснопах — Садовую, Верхлесе — Магілёўскую і Новую. А што датычыцца вуліцы Новай у вёсцы Кулікі, то яна будзе заасфальтавана за кошт Мінскага завода безалкагольных напояў. Калі будзе асфальт альбо той жа гравій, дык і вяскоўцы з большым жаданнем паставяцца да добраўпарадкавання ўласных сядзібаў. А ўвогуле, з людзьмі праводзіцца вялікая растлумачальная работа. З некаторымі, праўда, даводзіцца размаўляць і мовай афіцыйных папераў. На сённяшні дзень выдадзена 62 прадпісанні вяскоўцам і 16 — арганізацыям, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
Вельмі дапамагаюць у працы з людзьмі старасты і дэпутаты. Хачу адзначыць работу Вольгі Камаровай, якая апякуецца адразу над трыма вёскамі — Кулікі, Смагароўка, Выжары. Яна носіць туды пошту і таму добра ведае насельніцтва. Кантралюе ўсе пытанні, у справе добраўпарадкавання дабіваецца ліквідацыі недахопаў. Гэта чалавек, які сапраўды «хварэе» за сваю справу. Добры стараста і ў вёсцы Верхлес — Леанід Шчарбак. Ён карыстаецца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў, праводзіць з імі шырокую растлумачальную работу, стараецца вырашаць актуальныя для вёскі пытанні. Напрыклад, па вадзе. Плануем выбраць на агульным сходзе жыхароў маладога энергічнага старасту ў вёсцы Шасціснопы. Ёсць добрая кандыдатура — чалавек, які сябе ўжо выдатна зарэкамендаваў у некалькіх справах. Цяжкавата падабраць старасту ў Заполле. Але я сама там жыву, і да мяне звяртаюцца аднавяскоўцы і ўранні, і ўвечары.
З цягам часу ўсе вялікія вёскі на тэрыторыі сельсавета будуць газіфікаваны. Зроблены праект для Гудавічаў і Дукоршчыны, замоўлены для Кулікоў, Старына, Выжараў. Пад пытаннем пакуль Верхлес. Не будзе дроў, брыкету — зноў-такі, чысцей стане на падворках і ля іх…
Хачу адзначыць таксама шэраг прадпрыемстваў і арганізацый, якія турбуюцца пра добраўпарадкаванне ўласных тэрыторый. Да ТАА «Конта-партнёрстрой», размешчаным у Куліках, ніколі не ўзнікае пытанняў. Яны паставілі акуратны плот, своечасова абкошваюць тэрыторыю, падтрымліваюць парадак. Парадкам, а таксама вялікай колькасцю кветак, дэкаратыўных раслін штогод радуюць Запольскія сярэдняя школа і дзіцячы сад. Годна выглядае тэрыторыя адміністрацыйнага будынка ААТ «Запольскае», дзе кветнікі работнікі канторы даглядаюць і ў свой непрацоўны час. За індывідуальным прадпрымальнікам Марыяй Захаранка замацавана ў Заполлі вуліца Мінская. Уладальніца крамы аказвае фундатарскую дапамогу вёсцы. Паколькі там няма будынка сельскага Дома культуры, плануем у летні перыяд абсталяваць месца для танцаў.
Такім чынам, у справе добраўпарадкавання зроблена ўжо шмат, але і пытанні застаюцца. Галоўнае — дасягнуць узаемапаразумення з усімі вяскоўцамі, каб агульнымі намаганнямі зрабіць населеныя пункты чыстымі і прыгожымі. Лічу, што добраўпарадкаванне — справа ўсіх і кожнага…
Занатавала Святлана Адамовіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *