У Чэрвені абмеркавалі пытанні аховы працы падчас жніва

Актуальное Безопасность

У семінары-вучобе на гэтую тэму, які арганізавалі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, удзельнічалі трыццаць прадстаўнікоў галіны.

Адкрываючы яго, намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Наталля Лявонава падкрэсліла значнасць падобных мерапрыемстваў. Яна распавяла, што зараз у раёне праводзіцца месячнік бяспекі па падрыхтоўцы да жніва, мабільныя і рэйдавыя групы наведваюць машынныя двары і палеткі сельгаспрадпрыемстваў. Галоўная мэта маніторынгаў – не пакараць, а падказаць і папярэдзіць.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Пашкевіч адзначыла, што прафсаюзы разам з наймальнікамі клапоцяцца пра стварэнне камфортных умовах працы для работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Яна акцэнтавала ўвагу на гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі, перадрэйсавых медыцынскіх абследаваннях ўдзельнікаў жніва, стане санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэнні працаўнікоў сродкамі індывідуальнай аховы.

Аб выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі ў перыяд уборачнай кампаніі ўдзельнікам семінара-вучобы нагадаў першы намеснік начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Плікус. Начальнік аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Павел Аўсянкін асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што на ўборцы зерневых заўсёды задзейнічана максімальная колькасць работнікаў і тэхнікі, у тым ліку – у начны час. Таму трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць у гэты напружаны перыяд траўматызму і гібелі людзей.
Урач-гігіеніст Чэрвеньскага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яўгенія Качэрга заклікала выконваць падчас уборачнай кампаніі санітарна-гігіенічныя патрабаванні. Гэта тычыцца тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў, вентыляцыйных сістэм, сродкаў індывідуальнай аховы, душавых установак, медыцынскіх аптэчак.

Дзяржаўны інспектар па энергетычнаму і газаваму нагляду Чэрвеньскай РЭГІ Дзмітрый Камінскі распавёў аб правілах электрабяспекі пры выкананні работ у ахоўных зонах электрычных сетак, а таксама пра тэхніку бяспекі пры працы на электраўстаноўках зернесушыльных комплексаў.

Ігнат ЛІПЕНЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *