280 гадоў настаўніцкай дынастыі

Люди и судьбы

Пасля вайны большасць дзяцей не ўмела лічыць, не кажучы ўжо аб пісьмовых навыках. Настаўнікам тады прыходзілася цяжка. Вось у гэты нялегкі час давялося вучыць дзяцей бацькам Ларысы Васюковіч, таксама педагога — і па адукацыі, і па прызванні.

Чатырохкласная школа ў Зайцах у сярэдзіне мінулага стагоддзя збірала за партамі каля 20 дзяцей, у тым ліку і з суседняй вёскі — Лежні. Па тагачасных мерках, класы былі вялікія: 5-6 чалавек, і клас укамлектаваны.
Пачынала асвойваць школьную грамату у Зайцоўскай школе і Ларыса Васюковіч (у дзявоцтве — Коўган), настаўнічалі ж там яе бацькі Надзея Сяргееўна і Іван Гаўрылавіч. Менавіта яны паклалі пачатак прафесійнай дынастыі, якая вядзе пачатак з 1930-х гадоў.
Надзея Сяргееўна выкладала у першым і трэцім класах, Іван Гаўрылавіч вёў другі і чацвёрты. Працавалі не на час, а на вынік, пакуль вучні не засвояць матэрыял. І малыя стараліся. Ларыса Іванаўна ўспамінае ўрокі чыстапісання: выводзілі літару да літары, падобныя адна на адну, з аднолькавым націскам пяра, пакуль на змену яму не прыйшла шарыкавая ручка.
Пра свайго бацьку яна ўжо распавядала на старонках раённай газеты у 1968 годзе падчас Усесаюзнага агляду школьных сачыненняў: друкаваліся ўрыўкі з яе сачынення на тэму «Мой сучаснік». Іван Коўган нарадзіўся ў сям’і бедняка, рана прызвычаіўся да працы. Гэтак жа рана ён застаўся поўным сіратой: калі яму споўнілася тры гады, памірае бацька, услед за ім і маці. Вучыўся старанна, каб выбіцца ў людзі. Настаўнічаць пачаў у сямнаццаць гадоў: вучыў дзяцей таму, чаму сам яшчэ нядаўна вучыўся, пакуль не пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ён абараняў Маскву, вызваляў Кіеў, Прагу, Кракаў, штурмаваў Берлін, пра што сведчаць баявыя медалі. Калі перад табой такі чалавек, міжволі пераймаеш яго прыклад, у тым ліку — і прафесійны шлях.
Як дачка настаўнікаў, Ларыса Іванаўна проста абавязана была вучыцца на узроўні: са школы №1 у Чэрвені (зараз — гімназія) яна выпускалася з дзвюма чацвёркамі, якія закраліся ў шэраг пяцёрак.
Ад Зайцоў да райцэнтра — кіламетраў дванаццаць. Па яе ўспамінах, да таго, як удараць маразы, да школы дабіралася на веласіпедзе, у бездараж прыходзілася часткова пераадольваць шлях пешшу.
Іван Коўган сышоў з жыцця ў 1969 годзе. Неўзабаве і школы ў Зайцах не стала. У 1969 годзе, у год смерці Івана Коўгана, вырашаўся прафесійны лёс яго дачкі — паступленне ў вну.
Дакументы леглі на стол прыёмнай камісіі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя. М.Горкага, зараз — педуніверсітэт імя М.Танка. Падчас уступных экзаменаў патрабавалася пісаць сачыненне, вусна здаваць літаратуру і гісторыю. З-за высокага конкурсу (у разы большага за сённяшні: сем чалавек на месца) упэўненасці, што яна пяройдзе з разраду абітурыентаў у студэнты, не было. Тым больш неверагодным ёй здавалася наяўнасць свайго прозвішча ў спісе залічаных.
Пераддыпломную практыку ёй выпала праходзіць у Валевачах. Да гэтага былі педагагічныя практыкі ў мінскіх школах, з куратарам-метадыстам і іншымі студэнтамі. Яе першы ўрок у сёмым класе па рускай літаратуры прайшоў выдатна — куратар вывеў «пяцёрку».
Педагагічная нагрузка Ларысы Васюковіч падчас самастойнага настаўнічання ў Валевачах складала дваццаць чатыры гадзіны на тыдзень. Гэта без уліку заняткаў у вячэрняй школе, якія яна вяла. Дадаць да гэтага распрацоўку методыкі навучання, планаў, якія ствараліся практычна «з нуля».
Пасля яе чакалі два гады «адпрацоўкі» ў школе за 130 кіламетраў ад малой радзімы, у Докшыцкім раёне. Калі было размеркаванне, былі пяць пуцёвак у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, аднак выпалі яны іншым. Два гады прайшлі як адзін дзень, аб іх напамінам — здымкі вучняў з дароўнымі надпісамі.
На малую радзіму яна вяртаецца ў 1976 годзе разам з мужам, дзе яго чакала праца па размеркаванні у вучылішчы будаўнікоў. Сорак адзін год прафесійнай дзейнасці ў Ларысы Васюковіч звязаны менавіта з гэтай установай, дзе яна спачатку выкладала беларускую мову і літаратуру, пасля заняла пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а цяпер працуе бібліятэкарам.
— Мне падабаецца работа з дзецьмі: знаходзіць з імі агульную мову, разумець адзін аднаго, — зазначае яна. — У іншай дзейнасці і ўявіць сябе цяжка.
Па старажытнай мудрасці, згода паміж настаўнікам і вучнем, лёгкасць навучання і магчымасць для вучня думаць самому і складаюць тое, што завецца ўмелым настаўніцтвам…

Прафесійная дынастыя Коўган-Васюковіч-Салавей
Іван Коўган, бацька — скончыў народнае вучылішча па прафесіі настаўнік пачатковых класаў, ветэран педагагічнай працы, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнісберга», «За ўзяцце Берліна».
Надзея Коўган (Няборская), маці — скончыла народнае вучылішча па прафесіі настаўнік пачатковых класаў, ветэран педагагічнай працы, узнагароджана медалём «За працоўную доблесць».
Ларыса Васюковіч (Коўган) — выпускніца Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, у 2002 годзе ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі за шматгадовую працу па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для народнай гаспадаркі.
Анатоль Васюковіч, муж — ветэран педагагічнай працы, выпускнік індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у прафесійна-тэхнічным вучылішчы будаўнікоў настаўнікам геаграфіі, майстрам вытворчага навучання.
Наталля Салавей (Васюковіч), дачка — з 2012 года ўзначальвае сярэднюю школу №194 у Мінску, выпускніца Беларускага педагагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры, ушанавана Падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Іван Коўган, брат — скончыў школу з залатым медалём, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па прафесіі настаўнік нямецкай мовы, працуе ў БДУ.
Валянціна Рубец (Коўган), сястра — скончыла БДУ па спецыяльнасці настаўнік геаграфіі, працуе ў Партызанаўскай школе Слонімскага раёну.
Алена Рубец, дачка сястры — працуе настаўніцай пачатковых класаў у Партызанаўскай школе Слонімскага раёну, выпускніца Баранавіцкага педагагічнага вучылішча.

АГУЛЬНЫ НАСТАЎНІЦКІ СТАЖ ПРАФЕСІЙНАЙ ДЫНАСТЫІ СКЛАДАЕ 280 ГАДОЎ. МІЖ ІНШЫМ, ЗА СТОЛЬКІ ЧАСУ МЯНЯЕЦЦА 11 ПАКАЛЕННЯЎ.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара і з сямёнага архіву



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *