Алея, акцыя, буклеты і выстава ў гонар юбілею

Общество

28 красавіка ў Чэрвені з’явілася алея з нагоды 630-годдзя горада. Яе заклалі кіраўнікі арганізацый і выканаўчай улады раёна. Дрэўцы туі высадзілі ўздоўж вуліцы Барыкіна.

Дзень для закладкі алеі абраны не выпадкова: менавіта 28 красавіка 630 гадоў таму вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль Польшчы Ягайла спецыяльнай дараванай граматай перадаў брату Скіргайлу ўладанні на Беларусі, сярод якіх названы і Ігумен (у 1923 годзе перайменаваны ў Чэрвень).
У юбілей горада райкам БРСМ правёў акцыю «З днём нараджэння, родны горад!».
Па адным з гарадскіх маршрутаў курсіруе аўтобус, на борце якога размешчаны плакат «Чэрвеню — 630 гадоў». Валанцёры раздаюць пасажырам буклеты аб гісторыі горада.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

 

У раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава пад назвай «Вытокі: да 630-годдзя першага ўзгадвання Ігумена ў пісьмовых крыніцах». У часовым будынку музея па вуліцы Ленінскай сабраліся работнікі музея і бібліятэкі, ветэраны працы, зацікаўленыя жыхары горада, а таксама ўдзельнікі краязнаўчага клуба «Бонда», якія прымеркавалі сваё пасяджэнне да адкрыцця выставы.

Адкрыла выставу дырэктар музея Алена Забаронак. Ганаровую місію перарэзаць святочную стужку прадаставілі ветэрану працы, былой настаўніцы Інэсе Бесман і вучаніцы гімназіі Яне Камінскай.
Першую экскурсію па музейным пакоі правяла старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам і расказала пра першае ўпамінанне Ігумена, паходжанне яго назвы, перайменаванні ў Чэрвень.
Акрамя асноўнага дакумента, на выстаўцы прадстаўлены макет гарадзішча, датаванага прыкладна першым тысячагоддзем нашай эры, вітрыны з керамічнымі і глінянымі вырабамі скульптара Генадзія Матусевіча, унікальныя артэфакты рознага часу.
Выстава будзе працаваць некалькі месяцаў. Яна зацікавіць усіх неабыякавых да гісторыі Чэрвеня, яе культуры і спадчыны.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *