Ёсць рэзервы для росту

Общество

%d1%80%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d1%96%d1%87%d1%8b-1%d1%81
Цялятніца Святлана Няборская і яе муж, слесар Генадзь Няборскі (у цэнтры) з дырэктарам гаспадаркі Сяргеем Кіпецем і брыгадзірам малочнатаварнага комплексу «Раванічы» Таццянай Забаўскай

Сталыя чытачы «раёнкі», напэўна, памятаюць тыя часы, калі саўгас «Раванічы» быў першым на Чэрвеньшчыне па вытворчасці малака. Аднак за ўзлётам прыйшло падзенне. Раз-пораз змяняліся ў гаспадарцы кіраўнікі, а справы ўсё не ішлі на лад…
Сітуацыя пачала выпраўляцца з прыходам летась на пасаду дырэктара ААТ «Раванічы» Сяргея Кіпеця. І хаця сёння ўзровень вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі тут яшчэ недастаткова высокі, але станоўчая дынаміка больш чым відавочная.
Зараз у гаспадарцы штодня атрымліваюць у сярэднім ад каровы па 10,4 кілаграма малака. Гэта – на 3,2 кілаграма больш, чым было ў такі ж час летась. Па прыбаўцы прадукцыйнасці дойнага статка ААТ «Раванічы» мае другі паказчык у раёне пасля ААТ «10 з’езд Саветаў». Валавая вытворчасць малака ўзрасла тут у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года напалову і, адпаведна, амаль напалову павялічылася яго рэалізацыя.
На ферме «Красны Дар» маюць ад каровы больш чым па 12 кілаграмаў малака (плюс 3,5 кілаграма) і па выніках года разлічваюць выйсці на пяцітысячны рубеж надояў. Паказчыкі фермы «Цэнтр» пакуль што сціплыя: 9 кілаграмаў малака ад каровы, але год таму тут увогуле даілі шэсць.
— Рост надояў быў бы немагчымым без стварэння трывалай кармавой базы, –

%d1%80%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d1%96%d1%87%d1%8b-2%d1%81
Павел Ціток (злева) і Сяргей Абрэзкаў манціруюць агароджу забетанаванай імі ж выгульнай пляцоўкі на ферме “Цэнтр”; уборка кукурузы на сілас

распавядае дырэктар гаспадаркі Сяргей Кіпець. – У прыватнасці, стаўку зрабілі на канюшыну. Падсяваем яе да 800 гектараў у год. Сёлета гэта дало магчымасць паўнавартасна выпасваць на канюшыне дойны статак, а таксама нарыхтоўваць з яе сянаж. Корм атрымліваецца даволі танны: выкарыстоўваць такія пашы і сенажаці можна два гады, а, значыць, скарачаюцца выдаткі на апрацоўку глебы і сяўбу.
Для нас дасягненне і тое, што летась гаспадарка ўпершыню за шмат апошніх гадоў не толькі не набывала травяністыя кармы, але яшчэ і прадала больш за 300 тон сенажу і сіласу. Сёлета сенажу назапасілі ўжо на 2 тысячы тон больш мінулагодняга, па сіласу разлічваем мець прыбаўку 4 тысячы тон, з улікам таго, што добра ўрадзіла кукуруза…
Адначасова з ростам надояў малака, у гаспадарцы скарачаюць выдаткі на яго вытворчасць.
— Працуем у гэтым накірунку адразу па некалькіх пазіцыях, – зазначае Сяргей Кіпець. – У прыватнасці, за кошт больш рацыянальнага выкарыстання кармоў удалося зменшыць іх выдаткі на літр малака з 1,4 да 1,1 кармавой адзінкі. Сёлета праклалі да фермы ў Раванічах новы водаправод ад сваёй свідравіны і сталі незалежнымі ад камунгаса, які штомесяц выстаўляў нам рахунак за ваду ў памеры 8 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.Ёсць эканомія па электраэнергіі і паліву, якія таксама значна ўплываюць на сабекошт прадукцыі.%d1%80%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d1%96%d1%87%d1%8b-4%d1%81
Робім захады па добраўпарадкаванню тэрыторый жывёлагадоўчых аб’ектаў, стварэнню лепшых умоў для ўтрымання жывёлы. Зараз завяршаем абгароджваць абедзве фермы па перыметру. На ферме «Цэнтр» забетанавалі выгул, зрабілі цэнтралізаваны падагрэў вады для маладняку. На ферме «Красны Дар» ачысцілі гноесховішча, аграніка з якога не вывозілася шмат гадоў, замянілі на шклопакеты старыя вокны ў малочным блоку і пакоі адпачынку…
Зрэшты, хапае ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі і нявырашаных праблем. – На жаль, спазняемся сёлета з падрыхтоўкай памяшканняў для пастаноўкі жывёлы на зімовы стойлавы перыяд, – шчыра прызнаецца Сяргей Кіпець. – Нездавальняючая сітуацыя па захаванасці маладняку, ёсць пытанні па працоўнай дысцыпліне жывёлаводаў, асабліва пасля атрымання заробку.
Словам рэзерваў для далейшага росту і развіцця яшчэ шмат. Хацелася б як мага паўней іх выкарыстаць.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *