Новы пуць

Общество

(Працяг)

БАБУЛЯ

АЛЯКСАНДРА

Гэта яшчэ адна сёлетняя юбілярка вёскі, якая першага студзеня стрэла сваё 80-годдзе. З размовы высвятляецца, што гаспадыня — не мясцовая, а з суседняй Смалявіччыны. У маладосці пазнаёмілася з хлопцам адсюль — Мікалаем Фёдаравічам Шуканом. Два гады чакала з войска, лісты дасылала. А як вярнуўся, пажаніліся. І пасяліліся ў колішнім пасёлку Усход.

Яго гісторыяй Аляксандра Шукан неяк не цікавілася. А з гісторыі мужавай сям’і ведае, што бацьку схапілі ў часы сталінскіх рэпрэсій. І дзе ён пахаваны — невядома…

Жыццё сямейнае ішло няспешна і размерана. Рабіла Аляксандра Іванаўна свінаркай, на палявыя хадзіла. Маўляў, куды паставяць, там і шчыравала. Нарадзіла чацвярых дзяцей — двух сыноў і дзвюх дачок. Зараз адна жыве ў Дзяржынску, а трое — у Мінску. Мае Аляксандра Шукан чатырох унукаў і траіх праўнукаў. Прыязджаюць яе нашчадкі да маці, бабулі і прабабулі па чарзе: у адны выхадныя — адны, у другія — іншыя… Ну, а на юбілей сабраліся ўсе разам. Чатыры сталы ў вялікай хаце накрылі, зазначае Аляксандра Іванаўна Шукан.

Дапамагаюць ёй дзеці і ўнукі звычайна са значнымі гаспадарчымі справамі. Падчас нашага прыезду яна чакала, што прыедуць і пасякуць-упарадкуюць дровы. Дэпутат Рыгор Ладуцька пытаецца пра цану, а пасля цокае языком… Маўляў, не дужа адпавядае якасць кошту… Можна было б і лепшыя прывезці… Ну, а са штодзённай працай па гаспадарцы жанчына спраўляецца сама. Як і дзве яе суседкі, трымае бабуля Аляксандра коз.

— Ужо гадоў дзесяць ці болей, — тлумачыць. — Ёсць дзве козачкі. Адна дваіх казлянятак нарадзіла. Даглядаю. Трэба ж чымсьці займацца. Ды я і малака дзяржаўнага не ем, толькі казінае. Во была ў Дамавіцку — некалісь нас накіроўвалі на ферму. Дык нагледзеліся, як дояць. І ўсё! Ад тога і не ем каровінага малака. Лепей — свае козы. Сена хлопцы накосяць, у пуню складзём…

У хаце Аляксандры Шукан шмат «модных» гатунковых кветак, сярод якіх бачу цыкламен, спацыфілум, шлюмбергеру…

— Любіце кветкі? — удакладняю.

— Ага. І дзеці любяць, гэта яны дораць.

— А на двары ў сезон садзіце?

— Поўна тады ўсяго!

— А на агародзе?

— Летась сотак з дзесяць, мабыць, садзіла. А сёлета і не ведаю. Дзеці сварацца: «Навошта табе жукоў гэтых?! Бульбы купім ды прывязём!» Мо, і так. І капусту я купляла ўжо. Сто тысяч аддасі — і ёмкая такая…

 

Ну, а пакуль у свае восемдзесят бабуля Аляксандра стараецца не сядзець без справы. Тым больш, што ў вясковай хаце іх — поўна. Свойскіх жывёл, зноў-такі, даглядае. Між іншым, асвоіла мабільнік. Зручная рэч, захапляецца. І тут сучаснасць са старажытнасцю яднаецца…

 

(Працяг будзе)

Святлана АДАМОВІЧ   (тэкст і фота)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *