Смілавіцкі палац набыла прыватная фірма

Общество

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў у Смілавічах прадалі з аўкцыёну за 242 з паловай мільёна рублёў замежнаму таварыству з абмежаванай адказнасцю «Вінктэх-Трэйд», якое спецыялізуецца на продажы камплектуючых для вытворчасці вокнаў і дзвярэй.

Гэты помнік архітэктуры сфармаваўся ў XIX — пачатку XX стагоддзя. У розны час маёнтак Смілавічы належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У ХVIII стагоддзі комплекс стаў уладаннем гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, а ў 1791 годзе адышоў да Манюшкі. Будаўніцтва палаца вялося Станіславам Манюшка (дзедам вядомага кампазітара) і яго сынамі. Казімір Манюшка заклаў багатыя батанічны і фруктовы сады. Узвядзенне комплексу было завершана Лявонціем Ваньковічам.

Стары корпус быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі псеўдаготыкі. Цяпер ад яго засталіся руіны. У пачатку XX стагоддзя да старога корпусу прыбудавалі новы (у стылі неаготыкі з элементамі стылю «мадэрн»). У склад комплексу ўваходзіць парк, а таксама фрагмент агароджы з брамай.

Прадаўцом на аўкцыёне выступаў Смілавіцкі аграрны каледж. Таргі, якія прайшлі ў Мінску, былі паўторнымі, бо спроба прадаць палацава-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў з аўкцыёну ў снежні мінулага года аказалася няўдалай. Першапачатковы кошт нерухомай маёмасці тады складаў больш за мільярд рублёў. Гэтым разам ён быў зніжаны на 80 працэнтаў.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *