У Доброве спраўлялі залатое вяселле

Люди и судьбы

… У хаце Уладзіміра Іванавіча і Ганны Канстанцінаўны Пракаповічаў з вёскі Дуброва весела патрэскваюць у печцы дровы. Ва ўтульным памяшканні зусім не адчуваецца таго прыроднага бязладдзя, якое ўжо колькі дзён пануе на Чэрвеньшчыне. Утульна звярнуўшыся ў клубочак, моцна спіць на канапе прыгожая паласатая котка. Здаецца, адусюль дыхае спакоем і ціхамірнасцю. А я гутару з гасціннымі гаспадарамі, якія дружнаю сям’ёй жывуць 50 гадоў. Залатое вяселле яны адсвяткавалі другога лютага.

Кожнаму ёсць што прыгадаць з пражытага. З таго няпростага дзяцінства — даваеннага і пасляваеннага, з той напружанай працы, усе цяжкасці якой, як і многім вясковым дзецям, ім давялося адчуць на сабе рана.

Абое яны — мясцовыя, дуброўскія. Зрэшты, Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ва ўрочышчы Карчы. Але затым сям’я перабралася ў вёску. Жылі ў дзяцінстве і юнацтве Валодзя Пракаповіч і Аня Былынка на суседніх вуліцах. Але асаблівых стасункаў не мелі — хлопец быў на дзесяць гадоў старэйшы за дзяўчынку. Сем’і ў абаіх па тагачаснай завядзёнцы былі шматдзетнымі.

— Нас было некалі дзевяць, — прыгадвае Уладзімір Іванавіч, — восем дзевак — адзін я. Пасля вайны раз’ехаліся, хто куды, а я тутака застаўся.

— І нас у сям’і шмат было, — падхоплівае Ганна Канстанцінаўна, — сямёра: тры хлопцы і чатыры дзеўкі.

Дык ці варта дзівіцца, што і новая сям’я, якую стварылі Уладзімір і Ганна, атрымалася шматдзетнай?! Але пра гэта — крыху пазней.

Атрымаць сярэднюю адукацыю, кажа Уладзімір Іванавіч, не давялося па пэўных сямейных абставінах. Скончыў толькі чатыры класы мясцовай пачатковай школы. І — на працу. Бычкоў пасвіў ды даглядаў, тады — авечак. З’явіўся ў мясцовай гаспадарцы трактар — пайшоў прычапным. Дык хоць колькі хлеба зарабляў на працадні.  А жывых грошай тады і не бачылі…

Шмат гадоў Уладзімір Пракаповіч рабіў на паляводстве, выконваў усе сельскагаспадарчыя работы — араў, сеяў, касіў… Затым яго прызначылі брыгадзірам. Неяк падлічыў, што са сваіх 78-мі гадоў ажно 47 аддаў сельскагаспадарчай працы! А пасля вайны не было ж такой  яе механізацыі, дык дужа цяжка даводзілася…

У плане адукацыі Ганне Канстанцінаўне пашанцавала крыху больш. Яна скончыла восем класаў Грабянецкай школы. Наважылася нават вучыцца далей — у Мар’інагорскім тэхнікуме. Ужо і дакументы завезла, і на вучобу ўвосень трэба было ехаць. А тут — каханне… Так і засталася без далейшай адукацыі. Але прыродная кемлівасць, стараннасць, адказнасць, вялікая працавітасць дапамагалі па жыцці. А ўвогуле, абое на сваіх месцах працы былі на добрым уліку.

На пытанне, як жа яны адно аднаго знайшлі, муж і жонка дружна паціскаюць плячыма.

— Яно неяк само сабою выйшла, — разважае Уладзімір Іванавіч. — Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, гулялі разам, танцавалі…

— Даўней жа танцы ладзілі па хатах, — тлумачыць Ганна Канстанцінаўна, — клуба ў нас не было. А хадзілі на танцы і мы, малыя, і яны, большыя… Там і пазнаёміліся бліжэй…

— Я адразу не ўмеў танцаваць, — усміхаецца гаспадар. — А так хацеў! Музыку ж добра чуў і разумеў. А тады мяне дзяўчаты навучылі, някепска атрымлівалася. Ды я яшчэ і дома трэніраваўся. Бывала, прыйду, вазьму якую палку (за даму) — і танцую… Ну, а з Ганнай знаёмыя мы даўно былі, разам і рабілі трохі. Праводзіліся, размаўлялі… Так неяк і атрымалася…

— А Ганна Канстанцінаўна ці добра танцавала?!

— Ну так, ёмка…

Вяселле вырашылі зладзіць на Мясаед. Тады, кажа гаспадыня, за гэтым старыя сачылі — каб па-царкоўнаму ды ў добрую пару.

— Гасцей шмат было! — прыгадвае Ганна Канстанцінаўна. — У нас жа радня вялікая — і ў таты, і ў мамы. У яго — меней. Сёстры. Але і яму зрабілі вяселле. У нас пагулялі, тады — у іх. Я была ў белай сукенцы пашытай. А вянкі ж тады самаробныя былі…

На працу маладая таксама пайшла ў паляводства. А як з’явілася ў сям’і двое дзяцей, дык пэўны час дома сядзела, іх глядзела.

— А ў нас крамы тады не было, — кажа. — Дык я вырашыла пайсці ў гандаль. Прывезлі ў вёску два ларкі, паставілі мне на вуліцы. У хаце сенцы былі. Дык віно, гарэлку там трымалі. Не памятаю, у якім годзе краму пабудавалі ўжо. Я і там рабіла. Тады дзеці пайшлі яшчэ. Старэйшай, Ірачцы, сямі не было, як памерла — ад менінгіту. Сын яшчэ гадаваўся. А тады чацвярых нарадзіла. Дзеці малыя ўсе, я — у краме цэлы дзень, муж — на працы. А яны што хочуць, тое і робяць. І я вырашыла пайсці на ферму. Цялушак даглядала. Раніцаю пайшла. Пакуль дзеці спяць, я ўпраўлюся і прыйду. Дзень дома. Увечары муж вяртаецца, большыя. А я зноў — на ферму. Так і гадавалі дзяцей. Тады ўсе большыя з дому разляцеліся, адна малая ў нас засталася. Я пазней яе нарадзіла. Усё ж хацелі яшчэ хлопца, бо толькі адзін быў. А тут — зноў дзеўка… Але бяды такой…

Даглядала я цялятаў, тады кароў даіла. Добра мы надойвалі, прэміі давалі. У нас жа тут ферма мелася добрая. Кароў — больш за сто, шэсць даярак. Цяпер, кажуць, нап’ецца каторая — і ўсё. Захоча — пойдзе даіць, захоча — не. А ў нас і не думалі тады пра такое. З працы ідзём — песні спяваем.

Добра было, весела… А тады раптоўна ўсё раскідалася. І дзе што падзелася?!

Рабіла я на ферме дзевяць гадоў. І так мае ногі пачалі балець… Усё ж — у рызіне ды ў рызіне… Я тады — зноў у краму. І амаль дваццаць гадоў — яшчэ там. На пенсію пайшла ў пяцьдзесят, папрасілі далей рабіць. Але штосьці краму абкрадаць пачалі часта. А на каго першага думаюць?! На гандлярку! Дык колькі я паперажывала… Думаю: нашто мне такое? І не пайшла ўжо больш, дома засталася…

А дома, зразумела, працы ставала. Вялікая сям’я — муж ды пяцёра дзяцей… Вялікая гаспадарка — свінні, каровы і нават авечкі… Агарод… Усё ў працы і ў працы. Так і праміналі гады.

Жылі нармальна, зазначае Ганна Канстанцінаўна. Толькі што не шанцавала. На пачатку дзевяностых згарэла хата. Яе гаспадыня і зараз шкадуе, бо многае там было зроблена сваімі рукамі. З любоўю сям’я Пракаповічаў уладкоўвала сваё жытло, каб зручна было — і дзецям, і самім. Нагараваўшыся ў маленстве, хацелі яны стабільнасці, дабрабыту. На гэта і працавалі так цяжка і шмат.

Да хаты, дзе напачатку было толькі чатыры сцяны, прыбудавалі сенцы. Памянялі падрубы, сталярку, столь, падлогу. Яшчэ трысцен прыбудавалі, цэглай абклалі.

А з чаго загарэлася? Гаспадар упэўнены — быў падпал. Але ніхто нікога не шукаў. Не было тады гаспадароў дома. Суседзі толькі і паспелі падушкі з коўдрамі выкінуць ды тэлевізар вынесці. А ў сям’і рыхтаваліся да вяселля адной з дачок…

Пасля пажару, прыгадвае Ганна Канстанцінаўна, прыязджалі да іх з райвыканкама. Каб падтрымаць добрых працаўнікоў, у якіх хата спалыхала, прапаноўвалі жытло ў Майзарове. Але, кажа гаспадыня, куды ж ісці ў незнаёмую вёску?! Адмовіліся. З дапамогай добрых людзей паставілі гэтую хатку, у аснове якой — дашчаты домік. Зусім не тое, але ж давялося ўладкоўваць сваё жыццё тут.

Вядома, падтрымлівалі і падтрымліваюць  бацькоў сын і чатыры дачкі.

— Дзякуй Богу за дзяцей! — расчулена, са слязой у голасе зазначае гаспадыня. — Такія добрыя ды такія ўдалыя… Ды дружныя…

У Маскве жыве сын Уладзімір. Ваенны, падпалкоўнік. Цяпер на пенсіі, у роднай вёсцы дачу будуе. Што цікава, кажа Ганна Канстанцінаўна, цёшча яго жыве ў вёсцы з такой жа назвай — Дуброва, толькі на Гомельшчыне.

Дачка Наташа пэўны час працавала ў аддзеле падпіскі раённага вузла паштовай сувязі, а зараз — на агароднінасушыльным заводзе, які цяпер і называецца па-іншаму, але кажуць пра яго яшчэ па старынцы. Там шмат гадоў робіць дачка Тома. Па пэўных абставінах сыходзіла, але ўжо вярнулася назад. Як добрага спецыяліста яе ўзялі на працу без праблем.

Дачка Таня цяпер працуе бухгалтарам у Грабянецкім лясніцтве. А даўней рабіла ў мясцовай гаспадарцы, доўгі час — у сельвыканкаме, у культуры…

Ну, а меншая, Света, жыве ў Мінску. Вучылася за кандытара, рабіла ў гандлі, тады — на трактарным. А зараз, з таямнічым выглядам кажа Ганна Канстанцінаўна, чакае другое дзіця. Бог дасць, будзе другая дзяўчынка… Маці задаволена, бо ўвесь час нагадвала вядомае: адно дзіця — не дзіця…

Вялікая сям’я, па словах гаспадыні, у бацькоўскай хаце збіраецца часта. На Вялікдзень — абавязкова. Яшчэ разам святкуюць дні нараджэння, юбілеі. Дзевяць унукаў маюць бабуля і дзядуля, дзясятую — унучку — чакаюць.

У хаце Пракаповічаў — шмат вазонаў. Любіць іх Ганна Канстанцінаўна, любяць і дочкі. А на дварэ ў пару, заўважае гаспадыня, кветак больш, чым таго агароду з градкамі!

Словам, усё б нічога, каб толькі здароўе. А вось яго і не стае. Асабліва кепска даводзіцца гаспадару, які практычна страціў зрок. Але ўсё ж удваіх — весялей…

Прыемна, што ў сям’і Пракаповічаў здаўна выпісваюць раённую газету. Памятаюць яе і «Калектывістам», і «Уперадам»…

 

Ну, а мы з удзячнасцю і цеплынёй віншуем вас, шаноўныя Уладзімір Іванавіч і Ганна Канстанцінаўна, з залатым вяселлем! Дай вам Бог яшчэ шмат гадоў крочыць поруч, рука ў руцэ. Бадзёрасці вам, аптымізму, дабрабыту, даўгалецця, пабольш радасці ад дзяцей і ўнукаў. І дзякуй за вернасць раённай газеце!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *