НАРОДНЫ КАЛЯНДАР

Общество

Надышоў другі месяц года.  Прыказка гаварыла: «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты». І сапраўды, зіма ў гэту пару звычайна ў самай сіле. У старажытнарымскім календары называўся februarius і быў апошнім, дванаццатым месяцам. Такая назва засталася ў многіх мовах: англійскай – February, нямецкай – Februar, французскай – fevrier, рускай – февраль.

У старажытнарымскі каляндар фебруарыус быў уведзены царом Нумаю Пампіліем і называўся так таму, што прыпадаў на час правядзення народных абрадаў ачышчэння (фебруары), якія сімвалізавалі абуджэнне прыроды пасля зімы.

У мінулым  па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор`я. Калі ў гэтым месяцы ціснуў моцны мароз, значыць зіма павінна працягвацца нядоўга. Як і студзень, люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: раз люты марозны і сухі, то жнівень гарачы. Па тым, наколькі высока нападае ў лютым снег, меркавалі пра вышыню травы ўлетку. Народны вопыт дазволіў вывесці калісьці і такое назіранне: які дзень першага лютага (паводле старога стылю), такімі выдадуцца і апошнія дні месяца.

1 лютага — дзень Макарыя-сонечнага. А яшчэ — Ігната. Беларусы-католікі некалі казалі: «На святога Ігната зіма багата, а Ігнат Грамніцам рад».

2 лютага — Грамніцы, Стрэчанне – дзень сустрэчы зімы з летам у католікаў і Грамаўніка (язычніцкага бога Перуна). А яшчэ гэты дзень называюць Яфiмкiны мяцелiцы. Калi апоўднi будзе сонца — да ранняй вясны, а калi ж пахмурна цi мяцелiца ў сярэдзiне дня разгуляецца — доўга будзе надвор’е з мяцелiцамi.

4 лютага — дзень Цiмафея-паўзiмнiка. У гэты дзень звычайна бываюць моцныя маразы. Чым больш выпадзе снегу, тым большы ўраджай збожжавых.

6 лютага — дзень Аксiннi-паўхлебнiцы, паўзiмнiцы.

12 лютага. Тры свяціцелі. У народзе яшчэ называюць Васілля да Рыгора. У царкоўным праваслаўным календары – дзень Трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста.

14 лютага. Трыфан. Назіралі за прыродай, зоркамі. «На Трыфана зорна – вясна позняя». Гэты ж дзень – і Грамнічны бацька, бо заўтра ўжо Грамніцы. Да іх рабілі свечкі з асенняга воску.

15 лютага. Праваслаўныя Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэння веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінны страціць сваю ўладу змрочныя боствы зімы: «На Грамніцы – паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёй меркаю: «Грамніца – хлебу палавіца». Другую назву – Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», – народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною..

Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап`ецца вадзіццы, то на Юр`е – вол пад`есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз – снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор`я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга – з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагоднае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечы (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе. Іх запальвалі з вераю ў дапамогу ў час навальніцы, каб маланка не спаліла хату; давалі паміраючаму чалавеку, каб полымя асвятляла яму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малако і не заездзілі да смерці коней.

22 лютага — Пятро. З прысвяткам звязана прыкмета: калі на Пятра цёпла – зіма працягнецца да Вялікадня.

23 лютага — Прохар. Заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны. «Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас».

24 лютага —  Аўлас (Улассе, Уласце, Улас). Лічыўся святам жывёлы, «каровіным і конскім».

У каталіцкіх раёнах Беларусі на гэты дзень прыходзіцца прысвятак Мацей. Прыказкі гавораць: «На Мацея дарога пацее» , «Калі на Мацея длонь спацее, то прадбачыцца добры год».

(Па сайтах інтэрнэта)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *