Мае аднавяскоўцы

Общество

У гэтай вёсцы я жыву амаль паўстагоддзя. Тут нямала цікавых, сціплых, дружалюбных, працавітых людзей. Праўда, калісьці ў вёсцы было каля двухсот падворкаў і каля пяцісот жыхароў. Цяпер, на жаль, колькасць  і жыхароў, і падворкаў зменшылася ўтрая. Таму вельмі сумна становіцца ад думкі пра будучыню нашай некалі шумлівай, гаманлівай вёсачкі. Але ж жыццё  яшчэ  цепліцца тут, хаця ў ёй жывуць пенсіянеры.  Яны па меры магчымасці працуюць на сваіх сядзібах, трымаюць няхітрую  гаспадарку. Пра адну такую працавітую сям»ю і хачу  расказаць.

Гэта — Міхаіл Антонавіч і Валянціна Барысаўна Няхай.  Іх падворак прываблівае  кожнага сваей акуратнасцю, чысціней, дагледжанасцю, разнастайнасцю раслін і кветак. На  ўчастку апроч караняплодаў, гуркоў, таматаў, перцаў вырошчваюць і экзатычныя расліны. Мяне, напрыклад, здзівіў сёлета двухмятровы  часнок са сцяблом таўшчынёй у дрэўца і галоўкамі з добры мужчынскі кулак. Таксама радуюць вока розныя гатункі капусты, у тым ліку дэкаратыўнай, якая ўпрыгожвае ўчастак рознакаляровымі кветкамі. У гэтым  чароўным  царстве завіхаюцца працавітыя  рукі Валянціны Барысаўны.

А ў Міхаіла Антонавіта ёсць свая прыхільнасць — пчалярства. У яго некалькі  вулляў з пчоламі, якія  ён старанна даглядае. І калі жыхары вескі звяртаюцца з просьбай набыць яго натуральны духмяны мед,  ніколі не адмаўляе. Апроч гэтага ён займаецца яшчэ адной вельмі неабходнай для сваіх аднавяскоўцаў справай. Пасля выхаду на пенсію Міхаіл Антонавіч  змайстраваў млын. І цяпер амаль усе яго аднавяскоўцы карыстаюцца паслугай — памолам зерня. Звяртаюцца і з навакольных вёсак. Прыемна бывае назіраць, як каля іх падворка стаяць павозкі з мяхамі  духмянай мукі.

Хочацца пажадаць маім працавітым  аднавяскоўцам — сям»і Няхай, каб іх руплівыя рукі не ведалі стомы,  радавалі сваёй працай суседзяў, дзяцей, унукаў. Здароўя ім,  даўгалецця, бадзёрасці яшчэ на доўгія гады!

Рэгіна ШАЛУПЕНКА,

в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *