НЕ ДАЕ СУМАВАЦЬ ПЕРАСОЎНЫ КЛУБ «ПРЫСТАНЬ»…

Общество

Яго летась у чэрвені стварыў для сталых людзей з вёсак Велікаполле, Валевачы Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пасяджэнні «Прыстані» праводзяцца не радзей аднаго разу ў квартал. Падчас іх нашы пенсіянеры бавяць вольны час у прыемнай гутарцы, абменьваюцца вопытам вырошчвання кветак і гародніны, рэцэптамі хатніх нарыхтовак, адмысловых страў. Разам мы абмяркоўваем тэмы для святаў, спяваем песні мінулых гадоў… Сустракаемся з сябрамі іншых клубаў Цэнтра, якія дзеляцца вопытам арганізацыі цікавага адпачынку пенсіянераў.

Падчас чарговага пасяджэння клуба «Прыстань», якое адбылося напрыканцы ліпеня, пенсіянеры вёскі Велікаполле сустракаліся ў мясцовым сельскім Доме культуры з сябрамі клуба з Чэрвеня. За прыемнай таварыскай гутаркай і кубачкам гарбаты з прысмакамі час ляцеў непрыкметна!

Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўручылі сябрам клуба падарункі. Нашы пенсіянеры сардэчна дзякавалі ім за ўвагу, дабрыню, цяпло і клопат. Рады былі яны і фотаздымкам, на якіх адлюстраваліся цікавыя і запамінальныя моманты мінулых пасяджэнняў.

У планах на будучае — запрашэнне на пасяджэнні «Прыстані», апрача спецыялістаў Цэнтра, медыцынскіх работнікаў, святароў, абмеркаванне ўсіх пытанняў, якія хвалююць нашых пенсіянераў.

Ад імя сяброў клуба «Прыстань» в.Велікаполле — Наталля МАНУЛІК,

сацыяльны работнік

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *