ЛЮБІМЫ СТАРЫ ПРУД,

Общество

ці Як добра ў бабулінай  вёсцы

У нашай краіне незлічоная колькасць шматлікіх вёсак. І назвы ў іх розныя, часам такія цікавыя і загадкавыя. Не трэба іх нават  пералічваць, бо не хопіць і дня на гэты занятак…

Выбярэм са шматлікага спісу адну невялічкую вёсачку, якая мне добра знаёма. Мы колькі ўжо гадоў прыязджаем сюды адпачываць летам і кожны раз знаходзімся  ў добрым настроі. Вёсачка ж наша — Стары Пруд, што  ў  пятнаццаці кіламетраў ад горада Чэрвеня. Не скажу, што яна вельмі вялікая, але і маленькай яе лічыць таксама нельга. Некалькі вуліц са звычайнымі назвамі:Савецкая, Берагавая, 60 гадоў Кастрычніка, Партызанская, Маладзёжная. З усіх бакоў нашу вёску абкружае лес, у якім і ягад, і грыбоў хапае ўсім.

Даўным-даўно каля нашай вёскі працякала шырокая і глыбокая рэчка, на якой знаходзіўся млын.  Верагодна, ад гэтага такая назва ў нашага Старога Пруда. Аднак зараз ад глыбокай калісьці ракі засталася невялічкая рэчанька Уса глыбінёй усяго па калена. Затое за некалькі мераў ад яе знаходзіцца маленькае выкапанае возера. У летні гарачы дзень так хораша асвяжыцца ў халаднаватай яго вадзічцы. А затым у рэчку, ды ў ледзяную ваду…Бррр!

У вёсцы працуе сельскі клуб, у якім ёсць бібліятэка,і кожны можа знайсці сабе занятак па інтарэсах. А для аматараў патанцаваць і павесяліцца — калі ласка, заходзьце на дыскатэку.

У нашай вёсачцы вялікая колькасць маляўнічых месцаў, дзе без фотаапарата проста нельга прайсці. Якія цудоўныя заходы і світанкі!..

Прыемна праводзіць вольны час вечарам на вуліцы. Свежае паветра, птушыны спеў, сонечнае святло — вось, што прыносіць нам сапраўднае задавальненне.

Гэта праўда, што ў вёсцы летам у сто разоў лепш, чым у горадзе. Шпацыр на свежым паветры з лёгкасцю заменіць прагляд тэлэвізара ці бясконцыя вячоркі за камп’ютарам. А што ж датычыцца мяне, я не люблю знаходзіцца ў горадзе, калі летнія канікулы прыйшлі!

Мар’яна Яцэвіч, г.Мінск

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *