«ВЕРБНІЦА» Ў ВАЛЕВАЧАХ: ВОДГУКІ ГЛЯДАЧКІ, АРТЫСТА, КІРАЎНІКА КАЛЕКТЫВУ

Общество

Раіса ЧУПРАКОВА, пенсіянерка:

— Цудоўны канцэрт падрыхтавалі для нас чэрвеньскія артысты! Але было крыўдна за іх, бо мала людзей прыйшло. А «Вербніца» працавала з такой аддачай, як быццам перад імі поўная зала! Артысты — розных узростаў, але ўсе разам глядзеліся надзвычай гарманічна. Яны і спявалі на мілагучнай беларускай мове, і прытанцоўвалі… Было на што паглядзець, што паслухаць…

А як нам спадабалася мужчынская частка «Вербніцы» — «Чэрвеньскія балагуры»! Проста цуд! Вельмі рады, што яны занялі на абласным фестывалі прызавое месца.

Ад імя нешматлікіх гледачоў мы шчыра дзякавалі сапраўдным талентам — апладысментамі, словамі, кветкамі… Не трэба нам тэлевізар, не трэба выступленні знакамітасцяў — «Вербніца» не горшая!

Таму і хочацца сказаць усім жыхарам раёна: калі дзесьці будзе выступаць «Вербніца» ці «Чэрвеньскія балагуры», абавязкова ідзіце на канцэрт! Не пашкадуеце…

Дзмітрый ІСАЧЭНКА,  удзельнік ансамбля «Вербніца», «Чэрвеньскіх балагураў»:

— Падчас гэтага канцэрта мы, як заўсёды, выкладваліся на ўсе 100%. Сапраўды, зала была не цэлая, затое прымалі душэўна. Зрэшты, нас усюды прымаюць добра, скардзіцца няма на што…

Спадзяюся, што наш канцэрт прынёс радасць вяскоўцам. Увечары, пасля працы, вучобы, хатніх спраў, людзі ўсіх узростаў расслабіліся, атрымалі задавальненне ад народных песень на беларускай мове. А гэта, як мне здаецца, самае галоўнае.

Я ўвогуле люблю спяваць для людзей. Прыемна бачыць, калі ім падабаецца. А выступленне ў Валевачах, безумоўна, атрымалася…

Таццяна ПРАВАСУД, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Вербніца»:

— Не заўсёды ў нас бываюць настолькі ўдзячныя і самаадданыя гледачы, як гэтым разам у Валевачах. У зале мы ўбачылі, што практычна ўсе прыйшлі з цюльпанамі, галінкамі бэзу… Нават дзеці! Гэта, канешне ж, дадало настрою. У Валевачах высокая сцэна, і кветкі практычна ўскладалі да ног артыстаў. Атрымалася незвычайна і кранальна. Любыя кветкі — не толькі шыкоўныя, а і простыя — гэта заўсёды прыемнасць для артыстаў.

Па ходу адной песні «Вербніца» на сцэне з кошыкам. Вось яго мы пасля і запоўнілі бэзам. А па прыездзе разабралі на букеты. У мяне таксама дома стаіць. Чароўны водар, які нагадвае пра ўдалы канцэрт…

Спадабалася нам сцэна Валевачоўскага сельскага Дома культуры. Даволі глыбокая. Гэта важна, калі артыстаў многа. Яна аформлена ў цёмных тонах, а касцюмы ў нас светлыя. Таму глядзеліся выйгрышна. З выязным канцэртам мы выступаем не першы раз. Але заўсёды спяваем з душой, а не механічна. Лічу, што ўсё ў нас атрымалася.

Прыемнай неспадзяванкай сталі і ўдзячныя словы, якія прагучалі з вуснаў вяскоўцаў пасля выступлення, так бы мовіць, афіцыйна і ўрачыста. Дзякавалі сапраўды ад душы. Дарэчы, кожную песню сустракалі гарачымі апладысментамі, часта гучалі крыкі «брава!».

Добрая атрымалася паездка. Яна дадала ўдзельнікам настрою і імпэту для далейшых выступленняў. А гэта вельмі важна. Думаю, пры нагодзе мы з задавальненнем яшчэ раз выступім у Валевачах…

Ну, а ўсіх сваіх прыхільнікаў хачу запрасіць на канцэрт у Чэрвеньскі Дом культуры 29 мая, дзе плануюцца выступленні народных калектываў…

Фота Таццяны ПРАВАСУД

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *