ЗЛАДЗІЛІ СУСТРЭЧУ З РЭДАКТАРАМ «ЗВЯЗДЫ»…

Общество

У Міжнародны дзень роднай мовы да нас завітаў галоўны рэдактар газеты «Звязда», старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Алесь Карлюкевіч. На сустрэчу з ім прыйшлі супрацоўнікі аддзелаў ідэалогіі і культуры райвыканкама, падпісчыкі «Звязды», сябры аматарскіх аб’яднанняў «Ветразь» і «Журавінка», актыўныя чытачы бібліятэкі.

Алесь Мікалаевіч прадставіў «Звязду», якой сёлета 9 жніўня споўніцца 95 гадоў, распавёў пра яе рубрыкі, афармленне, супрацоўнікаў, творчыя планы. У прыватнасці — аб уласнай прапанове аб’яднаць газету «Звязда» з рэдакцыйна-выдавецкай установай «Літаратура і мастацтва». У выніку можа быць арганізаваны выдавецкі дом «Звязда».

Распавёў наш госць і пра дзейнасць рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва», якую пэўны час узначальваў. Сярод іншага — пра адметную серыю кніг «Усім пра ўсё», адрасаваную дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, якая ў папулярнай форме распавядае пра ўсе галіны ведаў, і пра кнігі нашага земляка, сябра пісьменніцкага Саюза, настаўніка Генадзя Аўласенкі. Таксама Алесь Карлюкевіч павіншаваў усіх прысутных з Міжнародным днём роднай мовы.

Увогуле, атрымалася цікавая гутарка-дыялог, падчас якой Алесю Карлюкевічу задавалі шмат пытанняў. Так, бібліятэкары цікавіліся, каго з пісьменнікаў можна запрашаць на сустрэчы з чытачамі. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі назваў сярод іншых Алену Брава і Таццяну Дашкевіч. Яўген Несцяровіч запытаўся, ці будзе перавыдадзены слоўнік псеўданімаў Янкі Саламевіча. Уладзімір Дарагуж папрасіў паспрыяць у наданні звання «Ганаровы грамадзянін Чэрвеня» нашаму слыннаму земляку, сённяшняму масквічу Аляксею Каўку. Аляксандра Несцяровіч гаварыла пра апавяданні, якія друкуюцца ў «Звяздзе». Ірына Вабішчэвіч папыталася, ці будуць запатрабаваны там музейныя матэрыялы…

Напрыканцы Алесь Карлюкевіч падзякаваў усім за цікавасць да сустрэчы і раздаў аўтографы.

Людміла ВОЙЦІК,

дырэктар

… І НАСТАЎНІЦАЙ НЯДЗЕЛЬНАЙ ШКОЛЫ

Госцяй чарговага пасяджэння аматарскага аб’яднання «Журавінка» стала настаўніца нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Валянціна Тоўсцік. Гэтым разам яна падрабязна і грунтоўна распавяла пра жыццё святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, прывяла прыклады яе дапамогі людзям у розныя часы, прыгадаўшы дзевятнаццатае і дваццатае стагоддзі.

Валянціна Тоўсцік адказала на шматлікія пытанні сяброў «Журавінкі» — пра Бога, царкву, прыход да веры, прычыны прыходу ў царкву, адрозненні паміж канфесіямі… Яна прынесла абразы і кнігі пра святую Ксенію Пецярбургскую, якія змаглі набыць усе жадаючыя.

Бібліятэкары прэзентавалі падборку кніг «Рэлігіі свету», куды ўвайшлі «Каталіцтва», «Праваслаўе», «Хрысціянства», «Пратэстанцтва» ды іншыя.

Святлана

ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

* * *

Запрасілі Валянціну Тоўсцік і на пасяджэнне клуба «Маладзёжнае перакрыжаванне» з удзелам вучняў адзінаццатага класа СШ №2 г.Чэрвеня і іх класнага кіраўніка Ірыны Георгіеўны Салаўёвай. А тэмай абралі асаблівасці хрысціянскага шлюбу.

Госця мерапрыемства шмат распавяла пра шчаслівыя і нешчаслівыя шлюбы, а таксама пра так званыя «грамадзянскія» і «адкрытыя», пра тое, чаму яны несапраўдныя. І, вядома, пра хрысціянскі шлюб, аснову якога складаюць вера, каханне, узаемапавага…

Зазначу, што сустрэчы з Валянцінай Тоўсцік праходзяць заўсёды не сумна, з карысцю. Школьнікі з задавальненнем яе слухаюць, задаюць шмат пытанняў, цікавяцца тэмамі наступных гутарак.

Пасля выступлення нашай госці загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Ждановіч нагадала вучням, што 2012 год аб’яўлены Годам кнігі, і зладзіла агляд літаратуры па тэме пасяджэння «Маладзёжнага перакрыжавання».

Наталля МАЛАНКА,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *