Чацвёрты касмічны палёт Алега Навіцкага: праз церні – да зор

Актуальное Общество

23 сакавіка ў 15 гадзін 36 хвілін з касмадрома “Байканур” стартаваў пілатуемы карабель “Саюз МС-25”. У свой чацвёрты палёт да зор выправіўся ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі.

Да гэтага наш зямляк тройчы пабываў на міжнароднай касмічнай станцыі: у 2012 – 2013, 2016 – 2017 гадах і ў 2021 годзе. Агульная працягласць яго знаходжання на арбіце склала 531 суткі, у тым ліку 22 гадзіны 33 хвіліны – у адкрытым космасе. Чарговая касмічная камандзіроўка Алега Навіцкага адметная тым, што ў экіпажы пад яго камандаваннем, акрамя амерыканскай астранаўткі Трэйсі Дайсан, паляцела першая жанчына-беларуска Марына Васілеўская.

Пра тое, што прадстаўнік Чэрвеньшчыны ўключаны ў склад 21-й экспедыцыі наведвання МКС стала вядома напрыканцы мая мінулага года. А вось інтрыга па кандыдатуры ўдзельніцы касмічнага палёту ад Рэспублікі Беларусь захоўвалася яшчэ на працягу амаль двух месяцаў. У ліпені Марына Васілеўская і яе дублёрка Анастасія Лянкова былі прадстаўлены кіраўніцтву і спецыялістам Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. У праграму падрыхтоўкі жанчын увайшлі вывучэнне сістэм расійскага сегмента станцыі і пілатуемага карабля, трэніроўкі па дзеяннях у выпадку няштатнай пасадкі на водную паверхню і ў лясіста-багністай мясцовасці зімой.

Першапачаткова паведамлялася, што старт “Саюза МС-25” запланаваны на 13 сакавіка 2024 года, а сёлета ў лютым была названая іншая дата – 21 сакавіка.
У першы каляндарны дзень вясны адбылася перадпалётная прэс-канферэнцыя. Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ і падпісчыкаў сацыяльных сетак, Алег Навіцкі адзначыў:
– Палёт вельмі кароткі, большую частку часу будзем займацца ўкладкай абсталявання, пераносам лажаментаў… Буду дапамагаць Марыне пры выкананні тых эксперыментаў, дзе патрэбны ўдзел другога чалавека…

6 сакавіка асноўны і дублюючы экіпажы “Саюза МС-25” прыбылі на касмадром “Байканур” (дарэчы, рознымі самалётамі: гэта адна з традыцый перад палётам). На працягу двух тыдняў яны праходзілі комплекс трэніровак, заняткаў і інструктажоў, а таксама медыцынскія абследаванні. Тут жа адбылася цырымонія ўзняцця сцягоў краін, якія ўдзельнічаюць у касмічным палёце: побач з расійскім і амерыканскім упершыню залунаў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

У праграме перадпалётнай падрыхтоўкі знайшоўся час і для актыўнага адпачынку. У прыватнасці, у сацыяльных сетках можа было пабачыць фота Алега Навіцкага з тэніснай ракеткай і більярдным кіем. Таксама ўдзельнікі касмічнай экспедыцыі завіталі на Алею касманаўтаў, дзе, па даўняй традыцыі, Марына Васілеўская пасадзіла дрэва, а Алег Навіцкі і Трэйсі Дайсан агледзелі свае, якія садзілі падчас першых палётаў.

21 сакавіка экіпаж “Саюза МС-25” і іх дублёраў праводзілі на стартавую пляцоўку пад легендарную песню “Трава у дома”. Касмічны карабель павінен быў узляцець у 16 га-
дзін 21 хвіліну 18 секунд. Аднак за лічаныя імгненні да старту адбылася аўтаматычная адмена пуску. Як пазней засведчылі спецыялісты, падобнага не было за ўсю гісторыю савецкай і расійскай пілатуемай касманаўтыкі.

Дзяржаўная камісія хутка высветліла прычыну няштатнай сітуацыі. Ёй стала прасадка напружання хімічнай крыніцы току.

– Гэта падобна таму, як акумулятар у машыне закіпеў, – удакладніў генеральны дырэктар «Раскосмасу» Юрый Барысаў.

Старт касмічнага карабля перанеслі на суботу, 23 сакавіка. У прызначаны час “Саюз МС-25” быў паспяхова выведзены на арбіту. Праўда, замест першапачатковых трох гадзін касманаўтам давялося дабірацца да МКС двое сутак. Але не варта думаць, што ўвесь гэты час яны былі “прыкаваныя” да крэслаў. У караблі ёсць два “жылыя” адсекі – апарат для спуску і бытавы. Таксама прадугледжана магчымасць адасобіцца для санітарных працэдур. Як правіла, касманаўты павінны знаходзіцца дакладна на сваіх месцах пераважна пры манеўрах, калі рухальная ўстаноўка “Саюза” дае імпульс для станцыі. У перапынках у экіпажа ёсць час, каб размяцца і прывесці сябе ў парадак.

Стыкоўка касмічнага карабля з МКС адбылася 25 сакавіка ў 18 гадзін 2 хвіліны (на восем хвілін раней, чым планавалася). Экіпаж “Саюза МС-25” далучыўся да касманаўтаў Алега Кананенкі, Мікалая Чуба, Аляксандра Грабёнкіна, астранаўтаў Лорал О’Хары, Мэцью Дамініка, Майкла Барата і Джанет Эпс, якія працуюць на станцыі.


Алег Навіцкі і Марына Васілеўская вернуцца на Зямлю 6 красавіка на караблі “Саюз МС-24” разам з Лорал О’Харай.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *