Каманда Чэрвеньскага раёна выйшла ў фінал Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу

Актуальное Спорт

13-14 студзеня ў спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР адбыўся занальны турнір Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу. Барацьбу за выхад у фінал разам з нашымі футбалістамі вялі каманды Бярэзінскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Маладзечанскага раёнаў.

Чэрвеньцы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у рангу дзеючых уладальнікаў Кубка. Летась яны бліскуча выступілі ў фінале, які праходзіў у Чэрвені, і заваявалі ганаровы трафей. Так што задачы ў сёлетнім занальным турніры было дзве: не згубіць шанцаў пакінуць Кубак у сябе яшчэ на год, ну і, натуральна, годна згуляць у родных сценах.

Адметна, што нашай камандзе ўдалося практычна цалкам захаваць састаў, які каваў мінулагоднюю перамогу. Мясцовыя заўзятары зноў пабачылі ў справе Аляксандра Курыловіча, Дзмітрыя Чыстага, Дзяніса Трапашку, Сяргея Пілецкага, Іллю Завадскага, Дзяніса Сіманчыка, Мікалая Курбанава, Юрыя Весялова, Уладзіміра Хурсіка, Адрыяна Мурашку, Мікалая Свірыдовіча і Ігара Шмідава. Адзіным іграком, для якога гэты турнір стаў дэбютным, быў Ігнацій Барбоцька.

Нібыта на размінцы

Стартавы матч чэрвеньцаў выдаўся для іх лёгкай прагулкай. Каманда Смалявіцкага раёна нічога не змагла супрацьпаставіць прыгожай камбінацыйнай гульні ў выкананні нашых. Лік у сустрэчы на 9-й хвіліне адкрыў Уладзімір Хурсік, а яшчэ праз дзве хвіліны яго падвоіў Мікалай Свірыдовіч. Пад заслону першага тайма Сяргей Пілецкі забіў трэці мяч. Перавага нашай каманды была настолькі відавочнай, што ў другім тайме з’явілася магчымасць без рызыкі замяніць вопытнага галкіпера Аляксандра Курыловіча маладым Адрыянам Мурашкам. Ды і “ў поле” пачалі часцей выходзіць ігракі, якія да перапынку мелі менш гульнявога часу. Але гэта не перашкодзіла чэрвеньцам давесці лік у матчы да разгромнага – 7:0: у другім тайме вызначыліся Дзяніс Трапашка, Мікалай Свірыдовіч Ілля Завадскі і Сяргей Пілецкі.

У фінал – датэрмінова

У матчы з камандай Бярэзінскага раёна нашы прапусцілі першы мяч на турніры. Прычым, прапусцілі першымі, амаль у пачатку сустрэчы. Давялося трохі пахвалявацца, тым больш, што галкіпер гасцей вельмі надзейна абараняў свае ўладанні. Але з гэтай праблемай гаспадары пляцоўкі паспяхова справіліся яшчэ да перапынку. Спачатку Ілля Завадскі на 15-й хвіліне параўнаў лік, а потым Дзяніс Сіманчык за хвіліну да заканчэння першай паловы сустрэчы вывеў чэрвеньцаў наперад.

У другім тайме балельшчыкі пабачылі гол-прыгажун ад Дзмітрыя Чыстага, а пераможную кропку ў гульні паставіў Дзяніс Трапашка – 4:1.

На той момант сапраўдны кошт гэтай перамогі яшчэ не быў відавочным. Але пасля заканчэння першага гульнявога дня стала вядома, што каманда Маладзечанскага раёна вырашыла не прыязджаць у Чэрвень на другі дзень турніру. Такім чынам, у чэрвеньцаў стала 9 ачкоў, і яны аказаліся недасягальнымі для сапернікаў у барацьбе за першае месца, якое дае адзіную пуцёўку ў фінал Кубка.

На мажорнай ноце

Дэмарш маладзечанцаў ператварыў афіцыйны турнір фактычна ў таварысцкі. Нядзельны матч з камандай Пухавіцкага раёна ўжо нічога не вырашаў у турнірным плане.Хіба што было цікавым саперніцтва з  ігракамі, пераважная большасць якіх у розныя часы абараняла гонар чэрвеньскага «Коласа» ў вялікім футболе. Чэрвеньцы намаганнямі Іллі Завадскага,  які адзначыўся дублем, а таксама – Уладзіміра Хурсіка і Дзяніса Трапашкі ўжо да 15-й хвіліны гульні ўсталявалі лік на табло 4:0. Да канца сустрэчы нашы геаграфічныя суседзі здолелі двойчы дамагчыся поспеху, але на апошніх секундах забіў Ігар Шмідаў, паказаўшы, хто на пляцоўцы гаспадар – 5:2.

Фінальны турнір Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу 27-28 студзеня прыме Барысаў. Сапернікамі нашых будуць каманды Нясвіжскага і Барысаўскага раёнаў, клуб балельшчыкаў з Маладзечна і салігорскі “Партызан”.  

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *