Міні-футбол: чэрвеньскі “Колас” з перамогі стартаваў у чэмпіянаце Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

Наша каманда – адна з самых тытулаваных міні-футбольных дружын Міншчыны за апошнія шэсць гадоў. Яна – двухразовы чэмпіён вобласці, сярэбраны прызёр гэтых спаборніцтваў і бронзавы – чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі. Акрамя таго, чэрвеньцы – дзеючыя ўладальнікі Кубка вобласці па міні-футболу, а летась былі ў ім другімі. І хаця сёлетні састаў “Коласа” істотна змяніўся, высокі рэйтынг абавязвае нашых трымаць марку.

Першы матч сезона ў выкананні чэрвеньцаў не расчараваў мясцовых заўзятараў, якія дружна запоўнілі трыбуну спартыўнага комплексу “Ігумен”. Ужо ў самым пачатку сустрэчы з “Крупкамі” “Колас” адкрыў лік: вызначыўся дэбютант каманды Эміль Лебедзеў. Праўда, госці хутка не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад. Аднак яшчэ да перапынку на табло ўсталявалася раўнавага. На 20-й хвіліне ў эпізодзе, калі падалося, што на нашым іграку парушылі правілы і многія спыніліся ў чаканні свістка, Сяргей Пузына не выключыўся з гульні і трапна прабіў па варотах “Крупак” – 2:2.

У пачатку другога тайма госці зноў выйшлі наперад. Прапушчаны мяч вымусіў нашых гуляць больш актыўна і агрэсіўна. Параўнаць лік адтрымалася  пасля прастрэлу Дзмітрыя Чыстага з вугла пляцоўкі ўздоўж варот, які замкнуў Мікалай Курбанаў.

А за чатыры хвіліны да заканчэння матча нашы яшчэ раз прымусілі капітуляваць галкіпера гасцявой каманды. Мяч з перадачы Уладзіслава Будрыцова забіў Дзяніс Трапашка. Адметна, што ён у гэтай гульні правёў на пляцоўцы няшмат часу, але ў патрэбны момант згуляў бліскуча і, галоўнае, вынікова.

У час, што заставаўся да фінальнай сірэны, футбалісты “Крупак” выкарыстоўвалі падчас атак пятага палявога іграка. Але чэрвеньцы надзейна абараняліся і не ўпусцілі перамогу.

Дарэчы, «Коласу»давялося пачынаць сёлетні чэмпіянат з мінус трох ачкоў. Такое пакаранне паводле рэгламенту спаборніцтваў ён атрымаў за няяўку на апошні матч мінулага чэмпіянату з “Нясвіжам”, які ў турнірным плане нічога не вырашаў для чэрвеньцаў. Такім чынам, перамога над “Крупкамі” дазволіла нашай камандзе выйсці з мінуса.

У гэтую суботу “Колас” выправіцца на сустрэчу другога тура ва Узду, а праз тыдзень згуляе дома з капыльскай “Бабоўняй”.  

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

“Колас” (Чэрвень) – “Крупкі” – 4:3.
18 лістапада. Чэрвень. Спартыўны комплекс “Ігумен”. 70 гледачоў.
“Колас”: Мурашка, Курбанаў, Чысты, Трапашка, Будрыцоў, Весялоў, Лебедзеў, Пузына, Лявонцьеў, Баранаў, Барбоцька.
Галы ў «Коласа»: Лебедзеў (3), Пузына (20), Курбанаў (39), Трапашка (56).

 

Вынікі астатніх матчаў 1 тура: “Гайна“ (Барысаў) – “Узда“ – 8:0, “Старыя Дарогі“ – “Адзінства“ (Дзяржынск) – 2:0. “Кронан“ (Стоўбцы) – “Лагойск“ – 7:0, “Бабоўня“ (Капыль) – “Беразіно – 7:4.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *