Галоўны трэнер чэрвеньскага “Коласа” Дзяніс Трапашка: “Спадзяюся сустрэцца з усімі ў новым сезоне!”

Актуальное Спорт

Чэрвеньскі “Колас” завяршыў футбольны сезон. Ён выдаўся багатым на радасныя падзеі і горкія расчараванні, выдатныя набыткі і крыўдныя страты.

 

Што ўдалося, а што – не, і чаму. Пра гэта і не толькі – у гутарцы з галоўным трэнерам каманды Дзянісам Трапашкам.

– Дзяніс Мікалаевіч, пачыналі прыгожа, а скончылі, мякка кажучы, не вельмі…

– …Я не сказаў бы, што мы скончылі чэмпіянат надта ўжо дрэнна. Лічу, што з тымі кадравымі праблемамі, якія напаткалі каманду па ходу сезона, выціснулі максімум магчымага. Як бы там ні было, “Колас” увайшоў у лік шаснаццаці мацнейшых каманд другой лігі, заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату Мінскай вобласці, згуляў у фінале Кубка вобласці. Для такога невялікага горада як Чэрвень гэта – значнае дасягненне. Зразумела, крыўдна, што не ўдалося трапіць у плэй-оф чэмпіянату. Але ў цэлым выступілі мы годна.

– А што  усё ж перашкодзіла “Коласу” мець лепшы вынік?

– Не хацелася б скардзіцца на не заўсёды аб’ектыўнае судзейства, бо, на жаль, мы не ў стане паўплываць на гэты фактар. Галоўная прычына – траўмы вядучых футбалістаў. На групавой стадыі фінальнага этапу чэмпіянату мы недалічваліся па шэсць ігракоў асноўнага саставу. Калі выпадае хтосьці адзін, гэта паўбяды. Але замяніць адразу шэсць, каб на роўных змагацца з такімі камандамі як мінскі “Трактар” і пінскі “Стэнлес”, гэта нерэальна.

З траўмамі футбалістаў шчыльна звязана якасць газонаў на шэрагу стадыёнаў. Мала таго, што гэта перашкаджае паказваць прыгожы камбінацыйны футбол, дык яшчэ і ігракі калечацца. Самы вялікі боль для мяне – не тое, што мы не выйшлі ў першую лігу, хаця настройваліся на гэта, а тое, што сур’ёзныя траўмы атрымалі два нашыя нападаючыя – Аляксей Хадневіч і Віктар Кліміхін. Іх чакае працяглае ўзнаўленне, якое патрабуе сіл і немалых грошай…

– У гэтым годзе да каманды далучыліся футбалісты, пабачыць якіх у “Коласе” наўрад ці разлічвалі нават самыя вялікія аптымісты. Як удалося іх прывабіць?

– Сапраўды, мы сабралі вельмі моцны састаў. Я ганаруся тым, што форму “Коласа” апранулі вопытныя ігракі ўзроўню першай і вышэйшай ліг. Сярод іх – Раман Вінцукоўскі, Дзмітрый Асіпенка, Яўген Елязаранка, Аляксей Хадневіч,Віктар Кліміхін, Мікіта Шугункоў і іншыя. Таму, што яны пагадзіліся гуляць за каманду, паспрыялі нашы ранейшыя таварысцкія асабістыя стасункі. Я гэтаму вельмі рады і ўдзячны хлопцам. Тым больш, што на аматарскім узроўні гаворкі пра магчымасць зарабіць грошы няма. Усё будуецца фактычна на энтузіязме і любові да футбола.

Дастаткова было пабачыць гульню Дзмітрыя Асіпенкі. У яго ўжо шаноўны па футбольных мерках узрост. Але як Дзмітрый адпрацоўваў на кожным участку поля, як браў на сябе самую цяжкую працу! Я проста здымаю капялюш перад гэтым футбалістам! Тое ж можна сказаць і пра іншых нашых вопытных ігракоў. Моладзь павінна браць з іх прыклад, цягнуцца за імі.

– Раней вельмі часта ад нашых балельшчыкаў даводзілася чуць папрокі наконт таго, што вельмі мала ў саставе мясцовых ігракоў. Ёсць незадаволеныя і сёлета, хаця іх не так ужо і шмат. Што можна ім адказаць?

– У нас не такі вялікі горад, каб сабраць каманду з футбалістаў, здольных на роўных гуляць з камандамі вялікіх гарадоў. Тут выбар небагаты: альбо гуляць сваімі і плесціся напрыканцы турнірнай табліцы, альбо запрашаць ігракоў з-за межаў раёна і змагацца за высокія месцы, дорачы радасць сваім прыхільнікам прыгожай і выніковай гульнёй.

Я гатовы выслухаць прапановы любога балельшчыка па мясцовых футбалістах. Але ёсць адна ўмова: яны павінны адпавядаць узроўню другой лігі.

Дарэчы, сёлета мясцовыя ігракі “Коласа” Аляксандр Курыловіч, Дзмітрый Чысты, Павел Клімовіч, Юрый Весялоў, Ігар Шмідаў, Мікіта Каваленка былі не на апошніх ролях у камандзе, хаця і мелі не так шмат гульнёвай практыкі.

Як трэнер чэрвеньскай СДЮШАР па футболу магу сказаць, што змена падрастае. Але не варта планаваць наперад, трэба пачакаць. Я буду шчаслівы,  калі аднойчы ў стартавым саставе “Коласа” на поле выйдзе адзінаццаць мясцовых футбалістаў. 

– Які матч “Коласа”, на Вашу думку, можна назваць лепшым у сезоне, а які – горшым?

– Як ні дзіўна, асабіста для мяне адзін з лепшых матчаў – фінал Кубка Мінскай вобласці з салігорскім “Партызанам”. Антураж “Барысаў-Арэны”, эмоцыі балельшчыкаў на трыбунах… Так, мы прайгралі, хаця, перакананы, павінны былі выйграць. Але узровень футбола, які наша каманда паказала, быў даволі высокім. Проста саперніку дзесьці больш пашчасціла, а ў асобных момантах у салігарчан было лепшае выканальніцкае майстэрства.

Найгоршы матч… Чамусьці адразу ж узгадваецца апошні выезд у Капыль у рамках чэмпіянату, калі мы мінімальна саступілі “Бабоўні”. І горшым гэты матч быў не таму, што “Колас” дрэнна гуляў, а таму што нізкая якасць поля не дазваляла добра гуляць. Ну і судзейства было, як кажуць, без каментарыяў…

– “Колас” сёлета не так ужо і шмат мячоў забіваў у параўнанні з іншымі камандамі-лідарамі чэмпіянату. Чаму?

– Тут адказ відавочны. Калі б не траўмы нападаючых Хадневіча і Кліміхіна, я ўпэўнены, усё склалася б інакш. Таму – хутчэйшага ім акрыяння! А галы – будуць.

– І апошняе пытанне, якое, мяркую, вельмі цікавіць усіх прыхільнікаў “Коласа”. Ці ёсць сілы, жаданне, настрой і, галоўнае, магчымасці зрабіць тое, што не ўдалося сёлета, у наступным сезоне?

– Сілы ёсць, жаданне вялікае. Але што будзе на наступны год – пакуль не магу сказаць. Тут шмат фактараў, ад якіх будзе залежыць далейшае існаванне каманды. Сярод іх – падтрымка мясцовай улады, без якой не абысціся. Па майму перакананню, “Колас” павінен існаваць у любым выпадку. Пакуль трэба пачакаць. Тым больш абвешчана пра рэфармаванне другой лігі, таму цяжка сказаць, што і як будзе.

Карыстаючыся магчымасцю, дзякую нашым адданым заўзятарам, якія прыходзілі на трыбуны і сваёй падтрымкай стваралі нам настрой на гульні. Дзякуй кіраўніцтву раёна і ўпраўленню па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўніцтву Чэрвеньскай СДЮШАР і работнікам стадыёна.

І, канешне ж, не было б каманды без яе кіраўніка Дзмітрыя Чыстага. Менавіта на яго плечы лёг асноўны цяжар арганізацыйнай працы, у тым ліку – і па запрашэнню вопытных ігракоў, якія складалі сёлета аснову “Коласа”. Дзякуй яму!

Асобная ўдзячнасць – усяму трэнерскаму штабу “Коласа”, а таксама інтэрнэт-магазіну vsekazani.by і нашай прэс-службе, якая адзіная ў вобласці ладзіла прамыя відэатрансляцыі амаль ўсіх матчаў, шырока асвятляла выступленне каманды ў раённай газеце і сацыяльных сетках. 

Дзякуй камандзе і кожнаму іграку паасобку за тое, што не лічыліся са сваім вольным часам, прыязджалі на гульні з розных гарадоў і паказвалі годную, прафесійную гульню. Вы – вялікія малайцы! Спадзяюся сустрэцца з усімі ў новым сезоне!

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *