Маладзечна “ўзялі”, курс – на Капыль: чэрвеньскі “Колас” выйшаў у паўфінал Кубка Мінскай вобласці па футболу

Актуальное Спорт

Другі паўфінальны кубкавы матч нашы футбалісты пачыналі вечарам у сераду з запасам у два мячы, дзякуючы перамозе тыдзень таму над «ДЮСШ-4» у Маладзечне – 3:1. Гэта давала ім магчымасць асабліва нікуды не спяшацца, але футбалісты «Коласа» і не думалі гуляць на ўтрыманне пераможнага выніку, а пачалі напружваць абарону гасцей з першых хвілін.

Нягледзячы на тое, што пасля абеду ў Чэрвені лупіў дождж, і хмары вылівалі рэшткі вады нават у пачатку сустрэчы, газон стадыёна СДЮШАР не ператварыўся ў балота. Таму ў ігрокоў была магчымасць паказваць прыгожы камбінацыйны футбол.

Настойлівасць чэрвеньцаў у атацы прынесла плён ужо ў дэбюце матча, на 11-й хвіліне. Мікіта Радкевіч зрабіў навес у штрафную, дзе Максім Чыжэўскі напружыў абаронцу гасцей, той памыліўся і выбіў мяч проста на Віктара Кліміхіна. Наш нападаючы магутна, без шанцаў для галкіпера, прабіў у «дзявятку».

Лік 1:0 пратрымаўся да перапынку. А ў пачатку другога тайма «Колас» двойчы за дзве хвіліны прымусіў «ДЮСШ-4» пачынаць з цэнтра поля. Спачатку пасля навесу Аляксандра Палешчука ў штрафную пляцоўку вызначыўся ўдарам галавой Андрэй Лапшын. А потым забіў Максім Чыжэўскі з перадачы Іллі Казлоўскага.

Чацвёрты мяч у вароты «ДЮСШ-4» уляцеў на 71-й хвіліне. Малады нападаючы чэрвеньцаў Мікіта Каваленка, які толькі выйшаў на замену, атрымаў перадачу ад Паўла Клімовіча і прабіў міма галкіпера дакладна ў вароты. Па суме двух матчаў «Колас» перамог з лікам 7:1. Годны вынік!

У астатніх парах салігорскі «Партызан» адолеў «Вікторыю» з Мар’інай Горкі – 2:0 (2:0 – у гасцях, 0:0 – дома), дзяржынскае «Адзінства» ўзяло верх над «Клецкам» (0:1 – у гасцях, 4:1 – дома). Капыльская «Бабоўня» прайшла далей без барацьбы з-за няяўкі на чвэрцьфінал «Старых Дарог».

 У чацвер адбылася жараб’ёўка 1/2 фіналу Кубка. Яна вызначыла, што «Колас» двойчы згуляе з капыльскай «Бабоўняй». Першы матч адбудзецца 9 жніўня ў Капылі, другі – 16 жніўня ў Чэрвені. У другой паўфінальнай пары сустрэнуцца дзяржынскае «Адзінства» і салігорскі «Партызан».

Час пачатку гульняў стане вядомым пазней. Сачыце за інфармацыяй у сацыяльных сетках.

 Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “ДЮСШ-4” (Маладзечна) – 4:0 (па суме двух матчаў – 7:1). 2 жніўня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 100 гледачоў.
“Колас”: Сянюк, Галюк, Івашкін, Лапшын (Цярэшка, 58), Грыб (Весялоў, 58), Асіпенка (Герасёў, 77), Радкевіч, Чыжэўскі (Шмідаў, 76), Казлоўскі (Рубін, 58), Паляшчук (Клімовіч, 68), Кліміхін (Каваленка, 68).
Галы ў “Коласа”: Кліміхін (11), Лапшын (48), Чыжэўскі (50), Каваленка (71).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *