Футбол: чэрвеньскі «Колас» забяспечыў сабе выхад у наступную стадыю чэмпіянату Беларусі

Актуальное Спорт

На гульню групавога этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі з «Крупкамі-ДРБУ-164», аўтсайдэрам зоны “Поўнач”, “Колас” выправіўся далёкім ад аптымальнага саставам. Галоўны трэнер чэрвеньцаў Дзяніс Трапашка вырашыў даць адпачыць шэрагу ключавых ігракоў, а таксама праверыць, як будуць выглядаць у “аснове” тыя, хто найчасцей выходзіць на замену.

Гуляць у Крупках давялося пад дажджом і на полі дрэннай якасці. З улікам гэтага можна смела казаць, што рэзерв экзамен вытрымаў.

Больш за тое, у Крупках гульня “Коласа” заззяла новымі фарбамі. Пэўным адкрыццём стала рэгулярнае падключэнне да атак нашага маладога абаронцы Кірыла Музычэнкі. Менавіта яго актыўнасць прывяла да першага ўзяцця варот гаспадароў поля, якое надарылася ўжо на 11-й хвіліне матча. Прайшоўшы па леваму флангу, Кірыл скіраваў мяч у штрафную пляцоўку “Крупак-ДРБУ-164”, дзе Максім Чыжэўскі не пакінуў шанцаў галкіперу – 1:0.

Цікавая падзея адбылася ў сярэдзіне другога тайма: упершыню ў сёлетнім сезоне гульнявую майку “Коласа” апрануў Дзяніс Трапашка. Выхад на замену галоўнага трэнера надаў свежасці і вастрыні атакам чэрвеньцаў.

Забіць яму не ўдалося, затое перадача на Антона Гавароўскага стала галявой. Дэбютант каманды не разгубіўся ў сітуацыі, калі трэба было забіваць, і ўжо праз пяць хвілін пасля з’яўлення на полі запісаў сваё імя ў гісторыю “Коласа” – 2:0.

І яшчэ адзін запамінальны эпізод матча. Незадоўга да фінальнага свістка ў вароты чэрвеньцаў, якія абараняў Аляксандр Курыловіч, быў прызначалы пенальці за парушэнне правілаў у штрафной пляцоўцы. І ветэран “Коласа” апынуўся на вышыні – адбіў мяч. Гэта быў ужо другі для Аляксандра ўзяты пенальці ў сезоне. Адметна, што ў трох праведзеных матчах чэмпіянату ён не прапусціў ніводнага мяча.  

Перамогай у Крупках “Колас” афіцыйна аформіў пуцёўку ў наступны раўнд чэмпіянату, дзе за выхад у фінальную частку спаборніцтваў будуць змагацца па тры мацнейшыя каманды зон “Поўнач” і “Поўдзень”.

На групавым этапе нашым засталося згуляць у суботу, 12 жніўня, дома з “Фалько” (пачатак – у 14 гадзін), а таксама – прапушчаны выязны матч з вілейскай “Віліяй”, дата правядзення якога пакуль невядомая.

 Ігар АДАМОВІЧ

“Крупкі-ДРБУ-164” – “Колас” (Чэрвень) – 0:2. 5 жніўня. Крупкі. Стадыён “Лебартава”. 15 гледачоў.
“Колас”: Курыловіч, Музычэнка, Рубін, Весялоў, Клімовіч, Герасёў, Чысты, Паляшчук, Васюк (Трапашка, 66), Чыжэўскі (Шмідаў, 76), Каваленка (Гавароўскі, 73).
Галы ў “Коласа”: Чыжэўскі (11), Гавароўскі (77).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *