Футбол: чэрвеньскі “Колас” разграміў капыльскую “Бабоўню” ў кубкавым матчы

Актуальное Спорт

 “Колас” накіраваўся ў Капыль на першы паўфінальны матч Кубка Мінскай вобласці ў аптымальным саставе і з настроем на перамогу. У выніку ўсё атрымалася. Хаця і не адразу.

Гаспадары поля са стартавым свістком захапілі гульнявую ініцыятыву. Большую частку першага тайма нашым даводзілася абараняцца. А пры спробе выхада чэрвеньцаў у атаку капыляне гулялі жорстка, раз-пораз парушаючы правілы. Зрэшты, ігракі “Коласа” не давалі сябе крыўдзіць. Як вынік, футбалісты абедзьвюх каманд атрымалі па чатыры жоўтыя карткі.

Чэрвеньцы актыўна правялі канцоўку першага тайма. У адной з атак гаспадары поля парушылі правілы ў штрафной пляцоўцы супраць Віктара Кліміхіна, але суддзя пенальці не прызначыў. Праўда, ужо праз хвіліну яшчэ адно парушэнне на нашым нападаючым абярнулася другой жоўтай карткай для паўабаронцы “Бабоўні”, і ён быў выдалены з поля.

У другой палове сустрэчы “Колас” максімальна рэалізаваў колькасную перавагу над сапернікам. На 57-й хвіліне гульні чэрвеньцы зладзілі бліскучую шматхадовую камбінацыю, якую з перадачы Аляксандра Палешчука завяршыў ударам пад перакладзіну з цэнтра штрафной пляцоўкі Яўген Елязаранка.

Ён жа неўзабаве аформіў дубль з пенальці, прызначаны ў вароты “Бабоўні” за парушэнне супраць Арцёма Грыба.

А яшчэ праз пяць хвілін Сяргей Галюк, скарыстаўшы выдатны пас Яна Герасёва, у трэці раз засмуціў галкіпера капылян.

Завяршылі разгром “Бабоўні” Павел Клімовіч і Дзмітрый Асіпенка.

Спачатку Дзмітрый вывеў на ўдарную пазіцыю Паўла, а потым яны памяняліся ролямі. 5:0 – перамога “Коласа”.

Гульня ў адказ павінна адбыцца 16 жніўня ў Чэрвені. Але ці прыедзе на яе капыльская каманда – пакуль невядома.

У другім паўфінальным кубкавым матчы дзяржынскае “Адзінства” згуляла на сваім полі ўнічыю – 1:1 – з салігорскім “Партызанам”. У бліжэйшую сераду каманды прадоўжаць барацьбу за выхад у фінал у Салігорску.

Ігар АДАМОВІЧ

“Бабоўня” (Капыль) – “Колас” (Чэрвень) – 0:5. 9 жніўня. Капыль. Гарадскі стадыён. 150 гледачоў.
“Колас”: Сянюк, Рубін (Весялоў, 78), Івашкін, Цярэшка, Грыб, Герасёў (Чыжэўскі, 71), Асіпенка, Паляшчук (Клімовіч, 71), Елязаранка (Шмідаў, 83), Галюк (Чысты, 79), Кліміхін (Трапашка, 78).
Галы ў “Коласа”: Елязаранка (57, 63 – з пенальці), Галюк(68), Клімовіч (82), Асіпенка (90+3).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *