Футбол. Чэмпіянат Беларусі: чэрвеньскі «Колас» перамог «Кронан» са Стоўбцаў

Актуальное Спорт

Хатнім матчам з “Кронанам” “Колас” стартаваў у фінальным турніры чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі ў дывізіёне “Мінская вобласць”. Чэрвеньцы трапілі ў шасцёрку мацнейшых з другога месца ў зоне “Поўнач”, футбалісты са Стоўбцаў сталі трэцімі ў зоне “Поўдзень”.

Паводле рэгламенту спаборніцтваў, удзельнікі фінальнага турніру выйшлі ў яго з ачкамі, набранымі ў гульнях з камандамі сваёй зоны. У “Коласа” на старце іх было сем (дзве перамогі над “ДЮСШ-4 (Маладзечна) і нічыя з мар’інагорскай “Вікторыяй”). “Кронан” пачаў барацьбу ў шасцёрцы з нулём ачкоў, паколькі двойчы прайграў і салігорскаму “Партызану”, і капыльскай “Бабоўні”.

Пачатак новага этапу чэмпіянату супаў для нашай каманды з кадравымі цяжкасцямі. Праблемы ў атацы, якія ўзніклі ў “Коласа” пасля сур’ёзнай траўмы Аляксея Хадневіча і нібыта былі вырашаныя, дзякуючы пераходу з дзяржынскага “Адзінства” Віктара Кліміхіна, сталі актуальнымі зноў. На жаль, пашкоджанне, якое Віктар атрымаў у матчы з “Фалько”, ужо не дазволіць яму сёлета дапамагчы чэрвеньцам: давядзецца рабіць аперацыю на калене. Акрамя Кліміхіна, траўма – і ў нашага абаронцы асноўнага саставу Арцёма Грыба.

Гульня з «Кронанам» атрымалася напружанай: на полі было шмат барацьбы і мала па-сапраўднаму запамінальных эпізодаў. У першым тайме з небяспечных момантаў, якія стварылі нашы футбалісты, найбольш прыгадваецца праход па леваму флангу Аляксандра Палешчука і ўдар у яго выкананні, калі галкіпер «Кронана» з цяжкасцю перавёў мяч на вуглавы. Зрэшты, калі б не штанга, ён мог бы апынуцца ў варотах.

Свята на нашу вуліцу прыйшло праз чвэрць гадзіны пасля пачатку другой паловы сустрэчы. Аляксандр Паляшчук навесіў у штрафную пляцоўку з вуглавога, і Яўген Елязаранка галавой скіраваў мяч у сетку – 1:0.

Госці спрабавалі адыграцца, але чэрвеньцы здолелі захаваць пераможны лік да фінальнага свістка. У няпростай сітуацыі з саставам нашы хлопцы – і тыя, хто быў у гэтым матчы на полі з першых хвілін, і тыя, хто выйшаў на замену – праявілі сапраўдны мужчынскі характар. І няхай сабе гульня «Коласа» не атрымалася феерычнай, галоўнае – дасягнуты станоўчы вынік.

Тры ачкі, набраныя на старце фінальнага турніру – добры падмурак для далейшага паспяховага выступлення ў спаборніцтвах. Бо гэта – толькі пачатак футбольнай восені, якая, хочацца спадзявацца, будзе для нашай каманды доўгай і шчаслівай.

Ужо ў бліжэйшы аўторак «Колас» згуляе выязны матч фінальнага этапу дывізіёна “Мінская вобласць” з капыльскай «Бабоўняй». Гульня пачнецца ў 18.00.

Ігар АДАМОВІЧ

 

“Колас” (Чэрвень) –  “Кронан” (Стоўбцы) – 1:0. 19 жніўня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 100 гледачоў.

“Колас”: Андрэенка, Рубін (Музычэнка, 84), Вінцукоўскі, Цярэшка, Галюк (Васюк, 84), Асіпенка, Паляшчук, Герасёў (Шмідаў, 84), Елязаранка (Чыжэўскі, 72), Клімовіч (Весялоў, 58), Шугункоў (Трапашка, 72). Гол у «Коласа»: Елязаранка (59).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *