Чэрвеньскі “Колас” выйшаў у наступны раўнд Кубка Беларусі па футболу

Актуальное Спорт

Футбалісты чэрвеньскага “Коласа” паспяхова прайшлі бар’ер першага кваліфікацыйнага раўнду Кубка Беларусі сезону 2023/2024. У гасцях яны без цяжкасцяў перамаглі “Крупкі-ДРБУ-164”.

Адзіная праблема, з якой сутыкнулася на выездзе наша каманда – поле мясцовага стадыёна “Лебартава”. Не ў крыўду гаспадарам, але яно больш нагадвае калгасны выган, чым футбольны газон. Зрэшты, так у Крупках было здавён.

Мяч скакаў па купінах, спыняўся ў ямінах, робячы праблематычным для ігракоў “Коласа” наладзіць прыгожую камбінацыйную гульню. Хіба толькі гэтым можна патлумачыць, чаму іх татальная перавага над сапернікамі, у складзе якіх пераважала моладзь, увасобілся ўсяго толькі ў шэсць трапных стрэлаў па варотах.

Першы раз нашы прымусілі крупчан пачынаць з цэнтра поля ўжо на сёмай хвіліне сустрэчы. Праход Арцёма Грыба па праваму флангу завяршыўся падачай у штрафную пляцоўку, дзе рэкардсмен другой лігі па забітых мячах, а з сёлетняга сезона – ігрок “Коласа” Аляксей Хадневіч ва ўпор “расстраляў” галкіпера “Крупак-ДРБУ-164”.

Другі гол давялося чакаць амаль дваццаць хвілін, а надарыўся ён пасля парушэння правілаў на Уладзіславе Рубіне. Паколькі суддзя не папярэджваў, што штрафны трэба выконваць па свістку, наш паўабаронца не марудзячы зрабіў перадачу на Аляксея Хадневіча, і той аформіў дубль. А яшчэ праз сем хвілін вызначыўся ўжо сам Уладзіслаў, прабіўшы з межаў штрафной пляцоўкі пасля падачы вуглавога Аляксандрам Палешчуком.

“Крупкі-ДРБУ-164” актыўна пачалі другі тайм, але іх імпэту хапіла ненадоўга. Неўзабаве нашы футбалісты зноў забілі пасля стандарту. Аляксандр Паляшчук са штрафнога навесіў мяч дакладна на Аляксея Хадневіча, які галавой скіраваў яго ў вароты. Канчатковы лік –  6:0 на карысць “Коласа” – усталяваў усё той жа Аляксей Хадневіч, рэалізаваўшы пенальці за знос у штрафной пляцоўцы Сяргея Галюка і аформіўшы такім чынам пента-трык.

Паводле жараб’ёўкі, наступным кубкавым сапернікам “Коласа” будзе капыльская “Бабоўня”. Нашым зноў давядзецца гуляць у гасцях. Дзень і час матча стане вядомым пазней.

 Ігар АДАМОВІЧ

“Крупкі-ДРБУ-164” – “Колас” (Чэрвень) – 0:6.

30 красавіка. Крупкі. Стадыён “Лебартава”. 14 градусаў. 65 гледачоў.

“Колас”: Яфімаў, Цярэшка (Кірэеў, 63), Вінцукоўскі, Івашкін, Паляшчук (Клімовіч, 57), Асіпенка, Рубін (Качаргін, 57), Грыб (Галюк, 57), Чыжэўскі, Сёмкін (Шугункоў, 57), Хадневіч.

Галы ў “Коласа”: Хадневіч (7, 26, 53, 83, 87), Рубін (33).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *