Сумесны шлях: 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Актуальное Общество

У нашым календары існуе нямала святаў, якія носяць тытул дзяржаўных. Большасць з іх адзначаюцца шырока і пампезна, яны з’яўляюцца чырвонымі днямі календара і тым самым звяртаюць на сябе ўвагу.

А вось пра такую дату, як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі мы, на жаль, успамінаем вельмі рэдка. І дарма. Бо ён з’яўляецца не столькі адлюстраваннем ужо зробленага гістарычнага факту падпісання акта аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, у большай ступені носіць перспектыўны характар пастаянна ўдасканаленага працэсу яднання двух брацкіх славянскіх народаў.

Той факт, што свята 2 красавіка адзначае свой вось ужо 25-гадовы юбілей, падштурхоўвае нас да таго, каб яшчэ раз успомніць гісторыю яго стварэння і адзначыць асноўныя вехі развіцця.

Такім чынам, адпраўная кропка стварэння свята – падпісанне ў 1996 годзе ў Маскве прэзідэнтамі дзвюх краін Дагавора аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, які існуе на прынцыпах суверэнітэту і незалежнасці. Яшчэ да гэтай даты, пасля распаду Савецкага Саюза і стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў, пачынаючы з 1992 года, унутры гэтай арганізацыі ішоў працэс узмацнення двухбаковых сувязяў Расіі і Беларусі. У адпаведнасці з Дагаворам аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграваную супольнасць у мэтах аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў дзвюх дзяржаў.Падпісаным дагаворам было прадугледжана стварэнне прадстаўнічага органа. Ім стаў

Парламенцкі сход, створаны 29 красавіка 1996 года. 2 красавіка 1997 года ў Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. З тых часоў гэтая дата адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Летапіс сумесных дзеянняў па стварэнні Саюзнай дзяржавы працягваецца і сёння. За скупымі фразамі і пералікам назвы распрацаваных дакументаў ажыццяўляюцца праграмы карпатлівай працы.

Не заўсёды гэты працэс ідзе роўна і без шурпатасцяў. Але за два з паловай дзесяцігоддзі мы з расіянамі прайшлі шлях, на які іншыя дзяржавы марнуюць значна больш часу і сіл. І мы бачым вынікі, дасягненні ў розных сферах нашага жыцця. Інтэграцыя працягваецца і дае свой адчувальны плён.

Ёсць у гэтай афіцыйнай статыстыкі і іншая, не менш істотная справа – духоўная. Народы Беларусі і Расіі не толькі блізкія гістарычна і этнічна – яны адзіныя. Адзін без аднаго нас цяжка ўявіць, разам мы перажылі шэраг страшных узрушэнняў, прайшлі праз жудасныя войны, агульнымі намаганнямі аднаўлялі разбураную эканоміку, павялічваючы яе патэнцыял. Перапляліся нашы лёсы і на бытавым узроўні. Сем’і, у якіх адзін з’яўляецца рускім, а другі беларусам, распаўсюджаны як у нашай рэспубліцы, так і ў Расіі. І мы нават не лічым такія шлюбы міжнацыянальнымі! Менавіта мая маці жыве некалькі год у Расіі, я лічу, что саюз дзяржаў – адзіны дом.

Расійская Федэрацыя для нас не толькі турыстычная краіна, для многіх яна стала другой радзімай, месцам працы, пражывання дзяцей. Яна з’яўляецца адной з асноўных дзяржаў, куды мы пастаўляем сваю прадукцыю. Зараз адбываецца наладжванне цесных сяброўскіх сувязяў паміж асобнымі рэгіёнамі нашых краін.

Не будзем забываць і тое, што наш Чэрвеньскі раён таксама ўяўляе сабой прыклад параднення двух брацкіх народаў. Па статыстыцы, на другім месцы пасля беларусаў самую значную частку насельніцтва ўяўляюць сабой менавіта рускія. У райцэнтры і ў сельскіх населеных пунктах яны бок аб бок працуюць на карысць нашага агульнага дома, займаюць адказныя пасады і стаяць ля станкоў, уладкоўваюць сваё жыллё і нараджаюць дзяцей, берагуць мір і спакой грамадзян, папаўняюць расійскі рынак сваёй прадукцыяй. Яны роўныя сярод роўных. І так і павінна быць, бо разам мы – адна дружная сям’я з агульнымі каранямі, культурай і паходжаннем.

Напярэдадні Дня яднання Беларусі і Расіі, ў рамках праектнай праграмы кангрэса татараў у прадстаўніцтве Рассупрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь былі арганізаваны лекцыі і майстар-класы па вакале, харэаграфіі, кулінарыі.

Па запрашэнні міжнароднай грамадскай арганізацыі «Татара-Башкірскай культурнай спадчыны «Чышма» загадчык Смілавіцкага Дома культуры Марына Кацінёва, прыняла ўдзел у лекцыі па дастанам і майстар-класе па падрыхтоўцы традыцыйных татарскіх страў пад кіраўніцтвам Альбіны Фасхеевай – члена гільдыі кухараў Рэспублікі Татарстан і асацыяцыі шэф-кухароў Chefsteam Russia.

У завяршэнне хачу нагадаць, наперадзе нас чакаюць новыя крокі на шляху збліжэння Беларусі і Расіі. Бо сёстры Беларусь і Расія – гэта не толькі суседнія дзяржавы, а нешта большае, чаго нельга выказаць словамі, а можна толькі адчуць.

Вольга Дземенкавец



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *