Футбол: чэрвеньскі «Колас» з перамогі стартаваў у Кубку Мінскай вобласці (фота)

Актуальное Спорт

Учора наша каманда правяла  ў Беразіно першы чвэрцьфінальны матч розыгрышу Кубка Мінскай вобласці з мясцовым ФАЦ «Лазурны». Сустрэча скончылася пераканаўчай перамогай чэрвеньцаў — 4:1.

«Колас» адкрыў лік ужо на  9-й хвіліне гульні. Гаспадары поля парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы супраць Аляксандра Мрынскага. Пенальці рэалізаваў сам «пацярпелы». 

На 17-й хвіліне чэрвеньцы падвоілі галявую перавагу. Аляксандр Мрынскі моцна прабіў па варотах са штрафнога, галкіпер бярэзінцаў адбіў мяч перад сабою і  Максім Гумінскі ўдала згуляў на дабіванні. А незадоўга да перапынку Дзмітрый Чысты дакладным ударам скіраваў мяч у правую дзявятку брамы ФАЦ «Лазурны» — 3:0.

У другім тайме трэнерскі штаб «Коласа» правёў масавыя замены. Да заканчэння сустрэчы на поле выйшлі ўсе сем запасных ігракоў. На 80-й хвіліне матча чацвёрты мяч у вароты бярэзінцаў галавой забіў Арцём Кацько, а за хвіліну да фінальнага свістка гаспадары поля размачылі нашага галкіпера Арцёма Аўраменку — 4:1.

Матч у адказ павінен адбыцца 24 ліпеня. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, ФАЦ «Лазурны» ў Чэрвень не прыедзе. А, значыць, «Колас» гарантавана выходзіць у паўфінал.

Стартавы склад нашай каманды ў гульні з ФАЦ «Лазурны» быў наступным: Аўраменка, Весялоў, Курбанаў, Лаўрык, Шафераў, Ганчарык, Качаргін, Гумінскі, Рабцэвіч, Чысты, Мрынскі. На замену выходзілі: Кацько, Хурсік, Лявонцьеў, Шалабнёў, Грабянок, Фофанаў, Прытыка.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *