Міні-футбол: чэрвеньскі “Колас” заваяваў Кубак Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

Мінулымі выхаднымі Чэрвень упершыню ў гісторыі прымаў фінальны турнір Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу.  Двухдзённая барацьба за ганаровы трафей скончылася перамогай  нашага “Коласа”.

Кампанію чэрвеньцам у фінале склалі пераможцы групавых спаборніцтваў: салігорскі “Партызан”, каманды Маладзечанскага і Капыльскага раёнаў, а таксама прадстаўнікі Нясвіжскага раёна – лепшая каманда сярод тых, што занялі на папярэднім этапе другія месцы ў групах. Менавіта з нясвіжцамі і сустрэўся “Колас” у сваім стартавым матчы фінальнага турніру.

Першы тайм гульні праходзіў з невялікай перавагай нашых сапернікаў і скончыўся нулявой нічыёй. У самым пачатку другой паловы сустрэчы каманда Нясвіжскага раёна адкрыла лік пасля падачы вуглавога. Нашым неўзабаве ўдалося адыграцца, таксама дзякуючы стандарту: Сяргей Пілецкі пакаціў мяч на Мікалая Свірыдовіча, і той скіраваў яго ў нікім не абаронены вугал варот. За сем хвілін да заканчэння матча нясвіжскія футбалісты зноў выйшлі наперад. Аднак прайшло зусім няшмат часу, і Ілля Завадскі, атрымаўшы мяч ад Дзмітрыя Чыстага, прымусіў галкіпера гасцей зноў вымаць мяч з сеткі. Да фінальнай сірэны абедзве каманды мелі шанцы забіць, але ў выніку напружанае супрацьстаянне скончылася нічыёй – 2:2.

Згубіўшы на старце два ачкі, “Колас” больш не меў права на памылку. Каб застацца ў барацьбе за Кубак, далей трэба было толькі перамагаць. І ўжо ў наступным матчы, з камандай Капыльскага раёна, гэта ўдалося. Пасля нулявой нічыёй у першым тайме, у другім чэрвеньцы выдалі проста феерычную гульню. Па тры мячы ў вароты капылян забілі Ілля Завадскі і Дзяніс Трапашка, па аднаму – Дзмітрый Чысты, а таксама наш галкіпер Аляксандр Курыловіч, які напрыканцы сустрэчы разам з усёй камандай пайшоў у атаку. Канчатковы вынік сустрэчы – 8:2 на карысць “Коласа”.

Пасля першага гульнявага дня чэрвеньцы з чатырма ачкамі ўзначалілі турнірную табліцу спаборніцтваў. Столькі ж набраў і салігорскі “Партызан”, але нашы мелі лепшую розніцу забітых і прапушчаных мячоў.

У нядзелю “Колас” прадоўжыў выступленне на турніры матчам з камандай  Маладзечанскага раёна. Пасля першага тайма гульні табло спартыўнага комплексу “Ігумен” высвечвала ўсе тыя ж стартавыя нулі, што і ў дзвюх папярэдніх гульнях “Коласа”. А пасля перапынку дубль Мікалая Свірыдовіча прынёс перамогу нашым футбалістам – 2:0.

Заключная сустрэча чэрвеньцаў на турніры была вырашальнай у барацьбе за Кубак. Перамога над салігорскім “Партызанам” датэрмінова б рабіла “Колас” яго ўладальнікам. І ў нашых футбалістаў усё атрымалася. Хаця і не адразу.

Па іроніі лёсу, і ў гэтым матчы першы тайм скончыўся нічыёй, праўда, не нулявой, а выніковай – 2:2. Лік адкрыў Ілля Завадскі з перадачы Мікалая Свірыдовіча, потым нашы двойчы прапусцілі, але незадоўга да перапынку адыграліся: мяч у вароты “Партызана” з перадачы Дзмітрыя Чыстага забіў Мікалай Свірыдовіч.

А ў пачатку другой паловы сустрэчы сапернікі чэрвеньцаў нарабілі сабе непрыемнасцяў. Галкіпер салігорскай каманды не па правілах спыніў Іллю Завадскага і атрымаў чырвоную картку. Такім чынам, у “Партызана” абараняць апошні рубеж практычна ўвесь другі тайм давялося палявому іграку. І футбалісты “Коласа” скарысталіся гэтым напоўніцу. Ілля Завадскі неўзабаве вывеў нашых наперад. Ігракам салігорскай каманды нічога не заставалася, як атакаваць упяцёх, і Дзмітрый Чысты двойчы скіроўваў мяч у іх пустыя вароты. А апошнюю галявую кропку ў матчы паставіў Юрый Весялоў – 6:2.

Такім чынам, “Колас” упершыню ў гісторыі заваяваў Кубак вобласці па міні-футболу. Другое месца – у “Партызана”, на трэцім – каманда Капыльскага раёна.

Уладальнікамі Кубка ў складзе “Коласа” сталі Аляксандр Курыловіч (ён таксама атрымаў прыз лепшага галкіпера турніру), Дзмітрый Чысты, Дзяніс Трапашка, Мікалай Свірыдовіч, Сяргей Пілецкі, Ілля Завадскі, Дзяніс Сіманчык, Мікалай Курбанаў, Юрый Весялоў, Аляксей Лявонцьеў, Уладзімір Хурсік, Ігар Шмідаў і Адрыян Мурашка.  

З гістарычнай перамогай нашу каманду павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка. Яна па- дзякавала футбалістам і выказала захапленне іх выдатнай гульнёй. У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў таксама бралі ўдзел старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун, ганаровы старшыня АБФФ Рыгор Фёдараў і Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна Анатоль Усенка.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *