Футбол: чэрвеньскі “Колас” перамог у гасцях “Фалько”

Актуальное Спорт

Выязны матч “Коласа” з “Фалько” (Дзяржынскі раён) быў важным для размеркавання месцаў у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі ў зоне “Поўнач” Мінскай вобласці. Чэрвеньцы перамаглі – 3:0.

“Колас” працягвае барацьбу за другое месца (на першым трывала замацавалася “Жодзіна-Паўднёвае”), якое дае права пазмагацца за выхад у плэй-офф чэмпіянату краіны і выводзіць у паўфінал чэмпіянату Мінскай вобласці. Таму губляць ачкі нашай камандзе было нельга.

Першы тайм сустрэчы, якая праходзіла на штучным полі стадыёна “Веста”, скончыўся безгалявой нічыёй, хаця шанцаў забіць у “Коласа” было нашмат больш, чым у сапернікаў.

У другой палове сустрэчы наш трэнерскі штаб адгадаў з заменамі. Нападаючы Дзяніс Трапашка, які выйшаў на поле на 61-й хвіліне гульні, ужо праз дванаццаць хвілін адкрыў лік у сустрэчы. Ён жа на 79-й хвіліне забіў другі мяч у вароты “Фалько”, а на 84-й аформіў хет-трык.

Адметна, што пры двух узяццях варот Дзянісу асісціраваў таксама ігрок, які выйшаў на замену – Антон Радзюк. Яшчэ адзін галявы пас аўтару трох мячоў даў Уладзіслаў Рубін.

Варта таксама адзначыць надзейную гульню абароны “Коласа” і Яўгена Юрчанкі, які згуляў “на нуль”.

Пасля 10 тураў наша каманда з 20 ачкамі займае трэці радок у турнірнай табліцы чэмпіянату, саступаючы адно ачко мар’інагорскай “Вікторыі”, якая згуляла на адзін матч больш.

30 ліпеня “Колас” у 11 туры спаборніцтваў сустрэнецца на сваім полі з камандай “Беразіно”. Пачатак гульні – у 16.00



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *