Меркаванне чытача «Раённага весніка» аб рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў у Канстытуцыю

Актуальное Конституция

Учора пачуў псеўдадыялог двух мужчын на грамадскім прыпынку: —Рэферэндум – гэта бессэнсоўная трата грошай, усё роўна нічога не зменіцца — сказаў адзін. —А я наогул не пайду на рэферэндум, – заўважыў на гэта другі.

Мне падумалася: дарослыя людзі, а разважанні не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Склалася такое ўражанне, што абодва тыя мужчыны маюць вышэйшую адукацыю. Значыць, у свой час яны усё ж недавучыліся, недавыхаваліся, не займелі актыўную жыццёвую пазіцыю, а сталі пасіўнымі сузіральнікамі жыцця, людзімі перакаці-поле, без роду-плмені.

Лічу, што пытанне: ісці ці не ісці на выбары. не павінна нават стаяць. Абавязкова ісці! І сур’ёзна, удумліва, скрупулёзна адказаць на пастаўленае пытанне: Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?

Лічу вельмі важным, што з улікам устаноўленых Выбарчым кодэксам патрабаванняў замацавана абавязковая юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэспубліканскім рэферэндумам, а рашэнне, прынятае рэфэрэндумам, з’яўляецца неад’емнай часткай Канстытуцыі. Асноўныя навацыі, унесеныя ў Асноўны закон, ужо добра вядомы: Беларусь застанецца Прэзідэнцкай рэспублікай, аднак прапануецца надзяліць канстытуцыйным статусам Усебеларускі народны сход.

Не сакрэт, што сама карціна свету ХХІ стагоддзя істотным чынам змянілася. У свеце адбываюцца грамадзянскія, гібрыдныя, інфармацыйныя войны, парушаюцца межы дзяржаўнага суверэнітэту, з’явілася шмат бежанцаў з розных краін. Гэта не можа не пераконваць нас у тым, што традыцыйныя каштоўнасці ужо пастаянна выпрабоўваюцца на трываласць, патрабуюць канстытуцыйнай, прававой абароны. На любы выклік шалёных заморскіх дзядзькаў ды гарластых цётачак павінен быць адказ – аргументаваны і цвёрды. Дрэнна, што і сярод суайчыннікаў усё яшчэ знаходзяцца тыя, хто шкодзіць Радзіме, каб кепска было ўсім. Дзіўна, але некаторыя людзі не за лепшае жыццё, а супраць! Не імкнуцца працаваць, добра, увішна вучыцца. Аднак праўда, безумоўна, будзе не за “змагарамі” з адзнакай мінус. Эканоміка Беларусі, як і раней, развіваецца, сацыяльныя праграмы працуюць, кожны беларус мае сацыяльныя гарантыі.

Лічу, што вельмі своечасова Палатай прадстаўнікоў ініцыяваны і прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, рэалізацыя норм якога накіравана на ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду і заклікана вывесці на новы ўзровень інфармацыйную, асветніцкую і вучэбна-выхаваўчую работу. Не сакрэт, што і сярод дарослага насельніцтва, а не толькі навучэнцкай моладзі, у нас хапае нявыхаваных грамадзян. Школы, універсітэты, педагогі сёння робяць многае ў выхаваўчай дзейнасці, але і бацькі не павінны заставацца ў баку. Можа, хопіць, каб нашых дзяцей выхоўвалі смартфоны, інтэрнэт?!

Несумненна, што Рэферэндум – гэта стратэгічны крок для далейшага развіцця краіны, выверанае і ўзважанае рашэнне, як будзем жыць мы, нашы сем’і заўтра. Ды й сама ўжо гісторыя Усебеларускіх народных сходаў даказала, што гэта сапраўдны інстытут народаўладдзя. Таму і адбылося канстытуцыйнае замацаванне статуса народнага сходу, які вызначаны вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, надзелены стратэгічна важнымі паўнамоцтвамі. Менавіта Сход вызначае стратэгію развіцця грамадства і дзяржавы; зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; вызначае меры, накіраваныя на забеспячэнне грамадзянскай згоды, сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве; гарантуе пераемнасць і ўстойлівасць сістэмы органаў улады.

Канстытуцыя нам гарантуе, што Беларусь была і застанецца сацыяльна-арыентаванай дзяржавай. У нас захаваны ўсе сацыяльныя гарантыі для розных катэгорый грамадзян, дапоўнены меры падтрымкі інвалідаў і іх сем’яў. Дзяржава забяспечвае інвалідам роўныя магчымасці для ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця, выхоўвае грамадства ў духу павагі і салідарнасці з імі, а таксама прымае да ўвагі іх патрэбы, плануючы будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў.

Таксама вызначана, што дзяржава садзейнічае інтэлектуальнаму, духоўнаму, маральнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.

Я ўважліва сачыў за тым, як адбывалася абмеркаванне  змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Будзе праўдай, калі скажу, што іх унесла само жыццё. Новы праект Асноўнага закона   ‒ гэта патрабаванне дня сённяшняга. Каб ісці ў нагу з часам  і развівацца як сацыяльна арыентаваная дзяржава, і было прынята рашэнне аб неабходнасці рэфармавання Канстытуцыі, пры гэтым захаваўшы суверэнітэт, духоўныя і культурныя традыцыі, дабрабыт грамадзян.

Рэферэндум – гэта сама воля народа, праява дэмакратыі, якая дае яму права самастойна прымаць  важныя рашэнні, якія ўплываюць на жыццё. У суверэнай Беларусі рэферэндумы ўжо праводзіліся ў 1995, 1996 і 2004 гадах. Рэферэндум  па Канстытуцыі – бадай, самая важная палітычная падзея ў жыцці не толькі нашай любай Бацькаўшчыны, але і кожнага з нас, грамадзяніна ці грамадзянкі Айчыны.

Я абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за змены ў Канстытуцыю, паколькі іх душой і сэрцам падтрымліваю. Гэта надасць мне упэўненасці, аптымізму ў заўтрашнім дні.

Лічу, што кожны грамадзянін, які неабыякавы да лёсу сінявокай Беларусі,  павінен прыняць удзел у галасаванні. Апускаючы бюлетэнь у урну, мы тым самым  галасуем за мір, згоду, стабільнасць, бяспеку, квітнеючую будучыню Беларусі. Галасуем за тое, што мы добрыя, гуманныя людзі і неабыякавая нацыя.

Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *