Пасля «Эльзы»: на Чэрвеньшчыне ліквідоўваюць наступствы шквалістага ветру

Актуальное Общество

Цыклон «Эльза», які абрынуўся напрыканцы мінулага тыдня на Беларусь, пагаспадарыў і ў нашым раёне.

Найбольшыя разбурэнні шквалісты вецер прынёс у пятніцу філіялу “Аграбокс” СП “Унібокс”. Без дахаў засталіся склад мінеральных угнаенняў і адзін з зернескладоў на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ў вёсцы Чарнава. Акрамя таго, тут выбарачна пазрывала шыфер на дыспетчарскай і іншых аб’ектах машыннага двара, зернесушыльным комплексе і жывёлагадоўчай ферме, дзе ўтрымліваюцца цяляты, а таксама на некаторых гаспадарчых пабудовах вытворчага ўчастка ў Смілавічах. Пры разбурэнні даху на зернескладзе ў Чарнаве моцна пацярпела трансфарматарная падстанцыя, якая знаходзіцца побач і бетонныя апоры ля яе. Спецыялісты раённых электрасетак аператыўна выканалі рамонтныя работы: ужо на наступны дзень энергазабеспячэнне было адноўлена.  

Як распавёў “Раённаму весніку” прараб філіяла “Аграбокс” Эдуард Хайко, будаўнічая брыгада ў гаспадарцы невялікая, усяго чатыры чалавекі, таму на ліквідацыю наступстваў стыхіі тут задзейнічаюць і мясцовых механізатараў. У выхадныя і панядзелак яны разбіралі пашкоджаныя канструкцыі. 

– Набылі 300 лістоў шыферу, дошкі, цвікі, але ўзнаўляць дахі пакуль што няма як з-за моцнага ветру і ападкаў, – кажа Эдуард Хайко. – Пры спрыяльным надвор’і разлічваем справіцца з рамонтам прыкладна за тры тыдні…

У Чэрвені ўраган пашкодзіў два шматкватэрныя дамы ў мікрараёне вуліцы Барыкіна. На “кааператыўным” доме № 108 абрынуўся ўцяпляльнік тарцовай часткі будынка. 

На доме № 68, які знаходзіцца на балансе Чэрвеньскай ЖКГ, раскрыла 20 квадратных метраў даху. Як распавёў галоўны інжынер камунгаса Сяргей Калтовіч, месца пашкоджання часова накрылі тэнтам. Матэрыялы для рамонту ёсць, засталося дачакацца бяспечнага для выканання дахавых работ надвор’я. 

Падчас цыклону «Эльза» на Чэрвеньшчыне таксама адбываліся часовыя перабоі з энергазабеспячэннем. Аднак, як адзначыў начальнік РЭС Сяргей Тукай, яны не былі крытычнымі. Найбольш адчулі наступствы стыхіі жыхары вёсак Смілавіцкага сельсавета, дзе электрычнасць знікала на некалькі гадзін. Усяго на аварыйна-ўзнаўленчых работах у пятніцу і суботу было задзейнічана 6 рамонтна-тэхнічных брыгад агульнай колькасцю 27 чалавек і 11 адзінак тэхнікі.

 

Ігар АДАМОВІЧ   

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *