Міні-футбол: каманда Чэрвеньскага раёна выйшла ў фінал Кубка Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

У спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР адбыліся гульні папярэдняга этапу Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу. У групе “А” барацьбу за адзіную пуцёўку ў фінал вялі каманды Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Мінскага раёнаў і “МіФ” з Фаніпаля.

У першым матчы сапернікамі чэрвеньцаў былі футбалісты Мінскага раёна. Пачатак гульні склаўся для нашых не лепшым чынам: прадстаўнікі прысталічнага рэгіёна адкрылі лік, і толькі за пяць хвілін да перапынку, дзякуючы дакладнаму ўдару Мікалая Курбанава, гаспадарам пляцоўкі ўдалося адыграцца. Затое ў другім тайме ўсё атрымалася: Дзмітрый Чысты, Дзяніс Трапашка, Ігар Шмідаў (з пенальці) і Аляксандр Мрынскі, забіўшы па мячу, прынеслі чэрвеньцам упэўненую вікторыю – 5:1.

З такім жа лікам нашы перамаглі каманду Пухавіцкага раёна: двойчы вызначыўся Дзяніс Трапашка, па аднаму разу – Дзмітрый Чысты, Юрый Весялоў і Аляксандр Мрынскі.   

Заключная сустрэча з “МіФам” выдалася для чэрвеньцаў найбольш складанай. Першы тайм яны выйгралі з лікам 1:0 (гол на рахунку Дзяніса Трапашкі). Пасля перапынку футбалісты з Фаніпаля пачалі гуляць у шэсць палявых ігракоў і здолелі двойчы дамагчыся поспеху. Але нашы ўсё ж сышлі ад паражэння: Мікалай Свірыдовіч магутным ударам скіраваў мяч у сетку варот “МіФа” – 2:2. Дзвюх перамог і нічыёй чэрвеньцам хапіла, каб заняць першае месца ў групе і заваяваць пуцёўку ў фінал. Акрамя названых ужо футбалістаў, выдатна абаранялі гонар раёна на папярэднім этапе спаборніцтваў галкіпер Аляксандр Курыловіч, а таксама Павел Клімовіч і Уладзімір Хурсік.

Фінальныя гульні спаборніцтваў пройдуць 29-30 студзеня ў Барысаве. Сапернікамі нашых футбалістаў будуць ФК “Маладзечна”, “Дабрыца” (Салігорскі раён), “Барысаўскі доследны лясгас” і каманда Нясвіжскага раёна.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *