На Чэрвеньшче адзначылі яшчэ адно свята вёскі

Актуальное Год малой радзімы Культура Общество

У апошнія летнія дні так хочацца завітаць у вёску, дзе нарадзіліся і выраслі твае бацькі, сустрэцца са старымі сябрамі і добрымі суседзямі. А яшчэ лепш – усім разам наладзіць свята.

Хлеб-соль — старшыні Кліноцкага сельвыканкама Васілю Сурага

Жыхары і дачнікі вёскі Крыніца сабраліся на такое свята, каб пагутарыць, успомніць мінулае і падзякаваць родным мясцінам. Старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Сурага, загадчык Азёрнаўскага сельскага Дома культуры Ірына Краснагір, ансамбль народнай песні “Шасціснопскія сваякі” і мясцовыя актывісты з вялікім энтузіязмам узяліся дапамагчы ім.
Ужо заязджаючы ў вёску, стала зразумелым, як тутэйшыя жыхары любяць гэты куток. Ля кожнага двара размясціліся кветкавыя кампазіцыі, міні-выставы, упрыгожванні з шароў і стужак. Вяскоўцы з задавальненнем паўдзельнічалі ў абсталяванні сцэны для выступлення самадзейных артыстаў і падрыхтоўцы апаратуры для канцэрта.
Свята пачалося сустрэчай гасцей хлебам-соллю. Прагучаў невялікі аповед пра вёску, затым пачаўся канцэрт і ўзнагароджанне ў розных намінацыях. Васіль Сурага ў прывітальным слове пажадаў усім жыхарам здароўя, дабрабыту і захавання сяброўскіх адносін на доўгія гады.
Падарункі ад сельвыканкама атрымалі старэйшына вёскі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Пётр Іванавіч Каспяровіч, сёлетнія юбіляры – дзевяностагадовая Таццяна Міхайлаўна Казырка і васьмідзесяціпяцігадовая Таццяна Іванаўна Маруга, гаспадары лепшага падворка Тамара і Вячаслаў Зубавы, маладая сямейная пара – Вольга і Юрый Сасноўскія, гаспадары стагадовага дома Валянціна і Віктар Сакавец. Быў здзіўлены, але вельмі рады падарунку і цёплым віншаванням ад усіх прысутных васьмігадовы Марк Сіманаў, дзень нараджэння якога прыпаў якраз на свята вёскі.
Вядома, гучалі на фэсце вясёлыя і душэўныя песні. Яны стваралі святочны настрой і клікалі гледачоў танцаваць.

Спяваюць «Шасціснопскія сваякі»

Удалым завяршэннем і адметнасцю канцэртнай праграмы стаў майстар-клас па народных танцах ад “Шасціснопскіх сваякоў”. Да гэтай дзеі прыахвоціліся і дзеці, і дарослыя, і людзі сталага веку, і нават старшыня сельвыканкама. Удзельнікі свята шчыра дзякавалі артыстам і ўсім арганізатарам мерапрыемства. Госці Крыніцы пакідалі вёску са светлым пачуццём радасці і гонару за сваіх землякоў, якія ўмеюць працаваць і адпачываць, пераадольваць цяжкасці і радавацца кожнаму дню.

Вольга МАНЮШКА,
загадчык Шасціснопскага сельскага Дома культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *