Футбол: чэрвеньскі «Колас» здабыў трэцюю запар перамогу ў чэмпіянаце Беларусі

Актуальное Спорт

У нядзелю наша каманда сустракалася на сваім поле з «Фалько» (Дзяржынскі раён).

З першых хвілін сустрэчы госці выбудавалі масіраваную абарону, пераадолець якую гаспадарам было няпроста. І, усё ж, на 25-й хвіліне гульні “Колас” адкрыў лік. Атрымаўшы перадачу ад Паўла Клімовіча, Аляксандр Мрынскі ўвайшоў у штрафную пляцоўку, абыграў аднаго з абаронцаў “Фалько” і дакладна прабіў у левы ад варатара вугал.

У сапернікаў “Коласа” зрэдку атрымліваліся контратакі. На апошняй хвіліне першага тайма яны мелі рэальны шанц зраўняць лік, але бліскуча згуляў галкіпер чэрвеньцаў Аляксандр Курыловіч. Ён у скачку перавёў мяч, які ляцеў пад перакладзіну, на вуглавы.

Другая палова матча пачалася са штурму варот “Коласа”. Аднак абарона нашай каманды выстаяла. Больш за тое, чэрвенцы на 56-й хвіліне правялі выніковую атаку. Дзмітрый Чысты з цэнтра зрабіў дакладную перадачу на правы фланг Паўлу Клімовічу, той прабіў у далёкі вугал варот “Фалько”, мяч трапіў у стойку, пасля чаго Антон Радзюк з адскоку скіраваў яго ў сетку.

Канчатковы лік у гульні – 3:0 на карысць “Коласа” –  быў устаноўлены за тры хвіліны да фінальнага свістка. Галкіпер “Фалько” парушыў правілы ў штрафной пляцоўцы супраць Аляксандра Мрынскага і сам “пацярпелы” рэалізаваў пенальці.

Пасля трох матчаў наша каманда набрала максімальную колькасць ачкоў і выйшла на першай месца ў зоне “Поўнач” Мінскага дывізіёна.

2 чэрвеня “Колас» згуляе ў Чэрвені прапушчаны матч трэцяга тура чэмпіянату з футбольным клубам “Смалявічы”. Пачатак – у 19.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *