Трэці палёт чэрвеньца Алега Навіцкага: індыкатарам бязважкасці на арбіце стане кацяня па мянушцы Гаў

Актуальное Общество

24 сакавіка Міжведамасная камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі “Раскосмасу”, Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, ракетна-касмічнай карпарацыі “Энергія”, НАСА і іншых арганізацый, вызначыла, што экіпажы працяглай экспедыцыі МКС-65 падрыхтаваныя да выканання касмічнага палёту і могуць прыступіць да заключнага этапу перадстартавай падрыхтоўкі на касмадроме Байканур.

У гэты ж дзень у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў была наладжана перадпалётная прэс-канферэнцыя асноўнага і дублюючага экіпажаў экспедыцыі. Паколькі асноўны экіпаж МКС-65 у складзе касманаўтаў «Раскосмасу» Алега Навіцкага, Пятра Дуброва і астранаўта НАСА Марка Вандэ Хая павінен адправіцца ў экспедыцыю 9 красавіка – напярэдадні святкавання 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас, адным з першых прагучала пытанне наконт значнасці гэтай падзеі для іх.

– Палёт у нас вельмі адказны, і мы сваёй працай будзем бязмежна ўдзячныя Юрыю Аляксеевічу Гагарыну за тое, што ён даказаў магчымасць знаходжання чалавека ў космасе, – адзначыў Алег Навіцкі. – 12 красавіка, хутчэй за ўсё, стане для экіпажа напружаным працоўным днём, таму час для вялікіх святкаванняў наўрад ці знойдзецца.

Таксама падчас прэс-канферэнцыі наш зямляк распавёў аб тым, што ў перыяд знаходжання экіпажу на МКС мяркуецца здзейсніць каля дзесяці выхадаў у адкрыты космас, у тым ліку тры – з яго ўдзелам, і аб тым, што з-за мер перасцярогі ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй родныя будуць сачыць за стартам касманаўтаў не на касмадроме “Байканур”, а ў анлайн-трансляцыі.

Акрамя таго, Алег Навіцкі адказаў на пытанне, які прадмет стане для экіпажа індыкатарам бязважкасці. Паводле яго слоў, гэта будзе цацка з вядомага мультфільма – кацяня па мянушцы Гаў.

– Сёлета спаўняецца 45 гадоў з моманту выхаду гэтага мультфільма, ён добры, вясёлы, – адзначыў Алег Навіцкі. – Паводле легенды, сабачка чакае кацяня дома. Шчанюк застанецца ў дачкі, а кацяня паляціць з намі, каб потым вярнуцца…

Поўная версія запісу прэс-канферэнцыі ТУТ.

Перад вылетам на касмадром “Байканур” экіпажы працяглай экспедыцыі МКС-65 традыцыйна наведалі знакавыя месцы, звязаныя з гісторыяй касманаўтыкі. Яны пакінулі аўтографы ў памятнай кнізе перадстартавых запісаў у музеі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, зрабілі групавое фота ў музейнай зале міжнародных касмічных палётаў. Таксама касманаўты і астранаўты пабывалі ля Крамлёўскай сцяны, дзе ўшанавалі памяць С.П. Каралёва, Ю.А. Гагарына і іншых выдатных людзей, якія ўнеслі свой уклад у развіццё касманаўтыкі, наведалі тэрыторыю Крамля, прагуляліся па Краснай плошчы.

26 сакавіка ў ЦПК адбыліся ўрачыстыя провады касманаўтаў і астранаўтаў на Байканур для працягу перадпалётнай падрыхтоўкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *