Футбол: барысаўскай «Гайне» залічана тэхнічнае паражэнне ў матчы з чэрвеньскім «Коласам»

Актуальное Спорт

Пасля першага паўфінальнага матча чэмпіянату Мінскай вобласці ў гасцях з барысаўскай “Гайнай”, які скончыўся перамогай гаспадароў поля 2:1, чэрвеньскі “Колас” падаў пратэст на яго вынік у Федэрацыю футбола Мінскай вобласці.

Сутнасць яго заключалася ў тым, што ў складзе “Гайны” гуляў футбаліст Іван Бутэнас, які сёлета быў уключаны ў афіцыйны пратакол матчу асноўнага складу каманды вышэйшай лігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь “Тарпеда-БЕЛАЗ” (Жодзіна) на гульню з ФК «Славія» (Мазыр). А, паводле “Рэгламенту чэмпіянату Мінскай вобласці па футболу 2020 года”, “ігракі каманд-удзельніц чэмпіянату Рэспублікі Беларусь вышэйшай і першай лігі да гульняў у чэмпіянаце Мінскай вобласці не дапускаюцца”.

Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола Мінскай вобласці разгледзеў пратэст і вынес рашэнне: за ўдзел у матчы чэмпіянату Мінскай вобласці Івана Бутэнаса, уключанага ў афіцыйны пратакол на матч вышэйшай лігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, ануляваць вынік матчу “Гайна” (Барысаў) – “Колас” (Чэрвень) і залічыць камандзе “Гайна” тэхнічнае паражэнне з лікам 0:3.

Такім чынам, у паўторным паўфінальным матчы гэтых каманд, які адбудзецца 22 лістапада ў Чэрвені і пачнецца ў 14 гадзін, “Коласу” для выхаду ў фінал дастаткова перамагчы барысаўчан або згуляць з імі ўнічыю з любым лікам. Чэрвеньцы прадоўжаць барацьбу за чэмпіёнства нават пры паражэнні з лікам 0:1 або 0:2. Пры ліку 0:3 будзе прызначаны дадатковы час, а пры неабходнасці – пасляматчавыя пенальці.

Увага! У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй балельшчыкі змогуць прайсці на стадыён Чэрвеньскай СДЮШАР толькі праз цэнтральны ўваход. Таксама будзе арганізавана рассадка на трыбунах на бяспечнай адлегласці, пры сабе неабходна мець ахоўныя маскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *