На раніцу 27 сакавіка тут пасеялі 50 гектараў аўса.

Як распавёў “Раённаму весніку” галоўны аграном філіяла СГК “Велікаполле” Яўген Каско, землі ў гаспадарцы пераважна цяжкія, вільготныя, таму ўвесну звычайна пачыналі сеяць аднымі з апошніх у раёне. Але мінулай восенню атрымалася максімальна засеяць нізінныя палеткі азімымі. Адпаведна, больш сухія засталіся на вясну.
Першыя 15 гектараў аўса гатунку “Лідзія” пасеяў на палетку ля вёскі Клімаў Лог механізатар Сяргей Петухоў. З-за пахаладання сяўбу давялося прыпыніць на тры дні, але зараз сеялка – зноў у полі.

Як адзначыў Яўген Каско, пры падрыхтоўцы да веснавых палявых работ гаспадарка атрымала адчувальную падтрымку ад інвестараў – КУП “Мінсктранс”. Спецыялісты сталічнага прадпрыемства адрамантавалі трактары, дапамаглі ўзнавіць пасяўную і глебаапрацоўчую тэхніку. Таксама дзякуючы інвестарам сёння філіял СГК “Велікаполле” мае найлепшую ў раёне забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі – 92 працэнты ад патрэбы.

Акрамя падрыхтоўкі глебы і ўласна сяўбы, сельгаспрадпрыемства гэтымі днямі актыўна разгарнула комплекс іншых веснавых палявых работ. У прыватнасці, тут завяршаюць падкормку азімых культур, уносяць і заворваюць арганічныя ўгнаенні.