Высыханне хваёвых дрэў: караед адступае, але не здаецца

Актуальное

Чэрвеньскія лесаводы трэці сезон змагаюцца з масавым высыханнем хваёвых парод дрэў, выкліканым актыўнасцю жука-караеда.

Высечка пашкоджаных караедам елак у лясным масіве паміж вёскамі Горкі і Ляды.

Летась у цэлым па лясгасу скразныя санітарныя высечкі знішчаных або пашкоджаных ім участкаў хвойнікаў і ельнікаў перавысілі 350 гектараў. Колькі будзе сёлета – спрагназаваць цяжка. Хаця на сёння тэндэнцыя да паляпшэння сітуацыі акрэслілася даволі выразна.

Напрыклад, у найбольш пацярпелым ад нашэсця караедаў Горкаўскім лясніцтве, дзе летась пад скразную санітарную высечку патрапіла 70 гектараў лесу, сёлета ачагоў паражэння пакуль што ў разы менш.

Памочнік ляснічага Горкаўскага лясніцтва Ніна Кобазева правярае ферамонную пастку ў лесе ля вёскі Марыямпаль.

– Пераважна гэта невялікія ўчасткі – ад дваццаці сотак да паўгектара, – кажа памочнік ляснічага Горкаўскага лясніцтва Ніна Кобазева. – Далейшую ступень актыўнасці караеда на месцы распрацаваных высечак прагназуем з дапамогай шасці ферамонных пастак. На пластыкавым конусе мацуецца пакецік з ферамонам – сінтэтычным рэчывам. Летучы на яго пах, самцы б’юцца аб цвёрдую сценку конуса і падаюць у ёмістасць, прымацаваную ўнізе. Падлік колькасці жукоў, што трапілі ў пастку за пэўны адрэзак часу, і дапамагае складаць прагноз.

– Санітарныя высечкі, якія мы рабілі на працягу двух гадоў,прыносяць плён, – каментуе сітуацыю галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Віктар Казакоў. – Плюс надвор’е пакуль што спрыяе. Калі ў далейшым не будзе працяглых засух і аслабленыя дрэвы набяруць устойлівасць, караед ім будзе не страшны. А пакуль трывожыць тое, што сёння на фоне змяншэння высыхання хвоі больш пачала сохнуць елка…

На ўчастках, якія закранулі скразныя санітарныя высечкі, садзяць новы лес. Праўда, класічная схема пасадкі “восем радоў хвоі, два – бярозы” цяпер зменена ў бок павелічэння долі беластволай. Менавіта дастатковая колькасць лісцяных дрэў у змешаных лясах спрыяльна адбіваецца на ўстойлівасці хвоі да паражэння караедам.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *