На Чэрвеншчыне ўрачыста адкрылі музейны комплекс Станіслава Манюшкі

Актуальное Культура

Гэтая адметная падзея адбылася ў гарадскім пасёлку Смілавічы ў пярэдадзень 200-гадовага юбілею славутага беларускага і польскага кампазітара, ураджэнца старажытнай Ігуменшчыны, які будзе адзначацца 5 мая.

 

Традыцыйную чырвоную стужку на ўваходзе ў будынак комплексу, у якім размясціліся ўтульная “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі” і дзве залы адноўленай музейнай экспазіцыі, прысвечанай яго жыццю і творчасці, перарэзалі Намеснік Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Першы саветнік Марцін Вайцяхоўскі, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок і намеснік старшыні па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай работы Чэрвенскага райвыканкама Ала Шахоцька.

Адкрываючы ўрачыстасць, Ала Шахоцька ўзгадала пра шлях у пяць гадоў, за які стары будынак былой мясцовай музычнай школы ператварыўся ў музейны комплекс Станіслава Манюшкі. Яна адзначыла, што праект быў рэалізаваны практычна без прыцягнення бюджэтных сродкаў на ўтрыманне культуры, дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага Саюза, грантам Мінаблвыканкама і Прэзідэнцкага фонду, і шчыра падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да ўвасаблення ў жыццё ідэі захавання спадчыны выбітнага земляка-кампазітара.

Пад вялікім уражаннем ад удзелу ў мерапрыемстве застаўся Марцін Вайцяхоўскі. Ён падкрэсліў, што Станіслаў Манюшка – не толькі вялікі кампазітар і музычны дзеяч, але і чалавек, які аб’ядноўвае Беларусь, Літву і Польшчу.

– Шчырае дзякуй за зробленае! Упэўнены, што гэта толькі пачатак, і што справа захавання спадчыны Станіслава Манюшкі будзе развівацца, а мы, у сваю чаргу, падумаем, як далучыцца да рэалізацыі новых праектаў і ідэй, – сказаў Марцін Вайцяхоўскі.

Цудоўным падарункам музею стаў макет рэканструкцыі фальварка Убель, дзе нарадзіўся Станіслаў Манюшка, які стварыла дзесяцікласніца гімназіі №75 г.Мінска Яна Каваленка пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Вайтэнка. Яго перадалі ў экспазіцыю аўтар і дырэктар гімназіі Васіль Ананька.

Са сцэны “Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі” прагучалі яго творы ў выкананні артыстаў музычнай капэлы “Санорус”, экскурсію па музейнай экспазіцыі правяла для гасцей  навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ірына Серада. А напрыканцы ўрачыстасці яе ўдзельнікі, сярод якіх былі кансультант упраўлення культуры, народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Анжэла Янкоўская, начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Яўген Асташоў, старшыня Чэрвенскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка і іншыя, пасадзілі ля будынка музейнага комплексу бэзавую алею.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *