На Чэрвеншчыне пачалася прафілактычная акцыя Дзяржаўтаінспекцыі “Будзь прыкладам свайму дзіцяці!”

Актуальное

Акцыя праводзіцца падчас вясновых школьных канікулаў і першага вучэбнага тыдня – з 27 сакавіка да 5 красавіка. Яе мэта – папярэдзіць і знізіць цяжар наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.

Падчас акцыі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ладзяць гутаркі з дарослымі, падчас якіх нагадваюць пра пагрозы бяспецы дзяцей на дарозе, распавядаюць пра парадак перавозкі маленькіх пасажыраў, адказнасць за парушэнні Правілаў дарожнага руху. У дзіцячых лагерах з дзённым знаходжаннем інспектары ДАІ засяроджваюць увагу непаўналетніх на  правільныя паводзіны на нерэгулюемых пешаходных пераходах, пры выкарыстанні веласіпедаў. Закранаецца тэма мабільных тэлефонаў, навушнікаў, іншых рэчаў, якія могуць адцягнуць увагу дзяцей на дарозе. Ідзе гаворка пра неабходнасць выкарыстання святловяртальных элементаў пры руху ў цёмны час сутак.

Таксама супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі кантралююць выкананне вадзіцелямі індывідуальнага транспарту, аўтобусаў, якія ажыццяўляюць перавозку груп дзяцей, Правілаў дарожнага руху і іншых патрабаванняў заканадаўства ў галіне бяспечнай перавозкі непаўналетніх пасажыраў. Ажыццяўляецца маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі паблізу ўстаноў з масавым знаходжаннем дзяцей для выяўлення і неадкладнай ліквідацыі недахопаў у яе ўтрыманні.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца актуальнай. З пачатку года на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана 5 здарэнняў з удзелам дзяцей, у выніку якіх 6 дзяцей атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. На Чэрвеншчыне ў адным такім здарэнні сёлета пацярпелі два дзіцяці.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што дзеючае заканадаўства прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць вадзіцеляў за парушэнне правілаў перавозкі дзяцей у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь. У выпадку выяўлення супрацоўнікамі міліцыі фактаў парушэння Правілаў дарожнага руху непаўналетнімі, у дачыненні да іх бацькоў могуць быць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Паважаныя дарослыя! Заклікаем вас прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі на дарозе. Будзьце для іх станоўчым прыкладам!

Аляксандр МАНУЛІК, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Чэрвенскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *