Хто дапаможа, калі вы трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю?

Важное Общество

У Чэрвенскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання.

Загадчык яго Галіна Гурэцкая мае вялікі вопыт работы з людзьмі, добра ведае раён, вёскі і іх жыхароў. Акрамя яе, тут працуюць яшчэ чатыры спецыялісты па сацыяльнай рабоце — Валянціна Кацько, яе стаж работы ў сацыяльнай сферы налічвае больш дзесяці гадоў, і маладыя работнікі – Дар’я Кавалёнак, Анастасія Багдановіч і Анастасія Шут.
Як паведаміла загадчыца, у Цэнтры акумуліруюцца ўсе звесткі пра людзей і сем’і, якім неабходна дапамога, пра адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзянах, інвалідах, дзецях-інвалідах, удзельніках і інвалідах Вялікай Айчыннай вайны, воінах-інтэрнацыяналістах, пацярпелых пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былых вязняў фашызму, асобах з ліку дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі, а таксама пра шматдзетныя і няпоўныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і іншыя.

Спецыялісты аддзялення ажыццяўляюць прыём грамадзян, выяўляюць асоб і сем’і, якія знаходзяца ў цяжкім жыццёвым становішчы, праводзяць работу па актуалізацыі электроннага банка даных пра іх, абследванню матэрыяльна-бытавых умоў іх пражывання, займаюцца інфармаваннем, кансультуюць па пытаннях аказання Цэнтрам сацыяльных паслуг, абслугоўвання, матэрыяльнай дапамогі за кошт сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва і прадастаўленню дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

У абавязкі работнікаў аддзялення ўваходзіць таксама ўдзел у рабоце аглядных камісій раёна, сумесных рэйдаў з работнікамі “Энерганагляду” і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па абследаванню домаўладанняў па захаванню правілаў пажарнай бяспекі. У аддзяленні працуе “гарачая лінія”, выконваюцца адміністратыўныя працэдуры па заявах грамадзян па Пераліку адміністратыўных працэдур, аказваецца матэрыяльная дапамога пажылым і непрацаздольным грамадзянам, якія маюць ў гэтым патрэбу, са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Работнікі аддзялення рыхтуюць аналітычныя матэрыялы і справаздачы па пытаннях дзейнасці Цэнтра і зваротаў грамадзян, робяць аналіз і прагназаванне рэальнай і перспектыўнай патрэбы насельніцтва раёна ў сацыяльных паслугах, удзельнічаюць у складанні сацыяльна-дэмаграфічнага пашпарту раёна, выдаюць друкаваныя інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аддзяленне цесна супрацоўнічае з разнастайнымі арганізацыямі і ўстановамі раёна па пытаннях аказання сацыяльнай дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

На ўліку ў Цэнтры знаходзяцца 10446 чалавек. І кожны з іх – у полі зроку сацыяльных работнікаў гэтай ўстановы.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота з архіву аддзялення



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *