Як на Чэрвеньшчыне вядуць барацьбу з караедам

Актуальное

У апошнія гады сапраўдная навала абрынулася на лясы Чэрвеньшчыны. Ліпеньскі буралом 2016-га, жнівеньскі – 2017-га… І вось – новая бяда: масавае ўсыханне хваёвых парод дрэў, выкліканае актыўнасцю жука-караеда.

  

– Гэтыя маленькія, даўжынёй усяго каля чатырох міліметраў кузуркі, здольныя за лічаныя дні знішчыць лес на значнай тэрыторыі, – распавядае галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Віктар Казакоў. – Пашкоджанне дрэва можна вызначыць па змене колеру хвоі. Яна спачатку становіцца больш светлай, потым жаўцее, а напрыканцы становіцца рудой і абсыпаецца… Адзіным дзейсным спосабам барацьбы з караедам пакуль што застаецца скразная санітарная высечка пашкоджаных участкаў лесу. Мера радыкальная, але неабходная: інакш жук будзе пашыраць свае валоданні, займаючы ўсё новыя і новыя тэрыторыі.

…Адзін з прыкладаў наступстваў такога валадарання – навідавоку ў чэрвеньцаў. Не так даўно да непазнавальнасці змяніўся выезд з горада ў бок Мар’інай Горкі: справа ад шашы высеклі пашкоджаны караедам участак хвойнага лесу. З дарогі добра відаць дзве ўстаноўленыя тут дзіўныя канструкцыі, якія здалёк нагадваюць рукамыйнікі.

– Гэта – ферамонныя пасткі, – тлумачыць Віктар Казакоў. – На пластыкавым конусе мацуецца пакецік з ферамонам – сінтэтычным рэчывам. Летучы на яго пах, самцы б’юцца аб цвёрдую сценку конуса і падаюць у ёмістасць, прымацаваную ўнізе. Такія пасткі дапамагаюць нам шляхам падліку колькасці жукоў, трапіўшых у іх за пэўны адрэзак часу, прагназаваць ступень актыўнасці караеда на доследным участку ў будучым.

– Першыя ачагі ўсыхання хвоі з’явіліся ў раёне мінулым летам у Горкаўскім і Грабянецкім доследным лясніцтвах, – узгадвае Віктар Казакоў. – Тады і пачалася барацьба з караедам. Але высечкі былі выбарачныя, а іх аб’ёмы нязначныя. Сёлета ж актыўнасць караеда распаўсюдзілася з паўднёвага-ўсходу раёна на ўсю тэрыторыю. Пад скразную санітарную высечку патрапіла ўжо больш за сто гектараў хвоі. Гэта прыкладна столькі ж, колькі было пашкоджана ў Чэрвеньскім і Валмянскім лясніцтвах леташнім жнівеньскім бураломам. Па выніках года лічба можа вырасці да 200 гектараў.

Лесаруб Сяргей Додзін падкідае ў вогнішча галіны пашкоджанай караедам хвоі

Дарэчы, навукоўцы сцвярджаюць, што, калі своечасова не прыбраць заражанае жуком-шкоднікам дрэва, ад яго заражаецца яшчэ дзесяць. Вось чаму для ранняга выяўлення ачагоў паражэння хваёвых насаджэнняў у лясгасе вельмі дарэчы прыйшоўся набыты летась квадракоптар. На зробленых ім з вышыні каля 150 метраў відэа і фотаздымках больш светлыя і пажаўцелыя ўчасткі добра бачныя. Застаецца толькі непасрэдна ў лесе абследаваць адпаведныя квадраты і вызначыць межы санітарнай высечкі.

…Разам з Віктарам Казаковым мы наведаліся на тэрыторыю Горкаўскага лясніцтва, якое найбольш пацярпела ад караеда. Тут у квартале №8, што ля самай мяжы з Бярэзінскім раёнам, ідзе скразная санітарная высечка ўчастка хвойнага лесу плошчай каля трох гектараў. Брыгада з пяці чалавек валіць дрэвы і распілоўвае іх на бярвенні патрэбнай даўжыні. Голле і пашкоджаныя вяршаліны, у якіх жыве і харчуецца караед, спальваюцца на месцы.

– Калі не прыглядацца, то можна падумаць, што разам з высахлымі хвоямі мы ссякаем здаровыя, – каментуе Віктар Казакоў. – Многія людзі так і думаюць. Але насамрэч, як я ўжо казаў, пра пашкоджанне караедам сігналізуе пасвятленне колеру хвоі. І менавіта ссякаючы такія дрэвы і спальваючы іх галіны, мы спальваем караедаў. А ў цалкам сухіх хвоях жукоў, як правіла, ужо не бывае…

Нарыхтаваная ў восьмым квадраце Горкаўскага лясніцтва драўніна, як і большасць яе з іншых месцаў скразных санітарных высечак, накіроўваецца для перапрацоўкі на вытворчы майстарскі ўчастак “Загор’е”.

– Нарыхтоўваць, вывозіць, перапрацоўваць і рэалізоўваць такі лес трэба хутка, каб па зразумелых прычынах не згубіць таварнай якасці, – кажа Віктар Казакоў. – Пажадана, каб бярвёны знаходзіліся на лесасецы не больш за 20 дзён. На гэтым участку – каля 900 кубаметраў драўніны. За дзень брыгада нарыхтоўвае прыкладна 40 кубаметраў. Таму амаль так і атрымаецца.

Вальшчык лесу Аляксандр Сёмкін на распілоўцы дрэў

Канешне, механізаваная нарыхтоўка ідзе нашмат хутчэй. Той жа харвестэр за змену выдае 100-150 кубаметраў драўніны. Маем чатыры адзінкі такой тэхнікі, але тры з іх адпраўлены на дапамогу ў Старобінскі лясгас, дзе сітуацыя з высыханнем хвоі нашмат больш складаная. Там жа пакуль знаходзіцца і фрэза, якую мы набылі для здрабнення і перамешвання рэшткаў высечкі з лясной падсцілкай. У пажаранебяспечны перыяд гэта – альтэрнатыва іх спальванню.

…На адваротным шляху Віктар Казакоў у дапаўненне да тэмы распавядае пра асаблівасці паводзін жукоў-караедаў, разважае аб прычынах, па якіх іх актыўнасць павялічылася да амаль катастрафічных маштабаў:

– Караед – істота цеплалюбівая. У першую чаргу, ён селіцца на ўскрайку лясоў, да якіх прылягаюць палі, рэкі. Да таго ж, там больш сонца, якое аслабляе хвою падчас спёкі. Чым глыбей у лес, тым менш ачагоў высыхання хвоі. А ў гушчары іх практычна няма.

Нападаюць караеды менавіта на аслабленыя дрэвы. Прычыны аслаблення – пажары, бураломы, хваробы дрэва. Але найбольш відавочная – зацяжныя засухі. З-за падзення ўзроўню грунтавых вод пагаршаецца сілкаванне дрэва і яно, адпаведна, аслабляецца.

Падобную сітуацыю мы якраз і назіраем некалькі апошніх гадоў. А караед, калі разабрацца, ніадкуль да нас не прыляцеў. Ён свой, мясцовы. Гэтыя шкоднікі заўсёды прысутнічалі ў нашых лясах, але аслабленне дрэў справакавала іх імклівае размнажэнне.

…Як зазначыў Віктар Казакоў, галоўная задача лесаводаў у барацьбе з караедам – знізіць яго колькасць хаця б напалову. Там, дзе гэта атрымаецца, дрэвы змогуць далей самастойна змагацца з ім.

А на ўчастках, якія закранулі скразныя санітарныя высечкі, плануецца ў поўным аб’ёме правесці лесаўзнаўленне. Праўда, класічную схему пасадкі “восем радоў хвоі, два – бярозы” давядзецца скарэкціраваць у бок павелічэння долі беластволай. Бо дастатковая колькасць лісцяных дрэў у змешаных лясах спрыяльна адбіваецца на ўстойлівасці хвоі да паражэння караедам.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *